Сіноптык: Апошнія дні траўня ў Беларусі будуць цёплымі
1- 24.05.2020, 21:29
- 16,599
Прагноз надвор'я на наступны тыдзень.
Апошнія дні траўня ў Беларусі будуць цёплымі, на тыдні можна чакаць да 24 градусаў цяпла, паведаміў tut.by эксперт Дзмітрый Рабаў.
«Мінулы тыдзень стаўся анамальна халодным і вельмі няўстойлівым. Другая дэкада траўня была да 6°C халаднейшай, чым зазвычай, і мы як быццам апынуліся на пачатку красавіка. Апошні раз так холадна ў нашай краіне было ў 2004 годзе», - расказаў Рабаў.
Аднак на наступным тыдні ў атмасфэры будзе адбывацца пераўтварэнне. «Мех холаду», у які патрапіла Беларусь, разлезецца.
У панядзелак будзе хмарна з прасвятленнем, уначы месцам, а ўжо ўдзень на ўсёй тэрыторыі краіны чакаюцца кароткачасовыя дажджы і нават навальніцы. Вецер паўднёвы, паўднёва-заходні, сярэдні, пры навальніцах парыўны. Уначы тэмпература +3...9°C, удзень +12...19°C.
З аўторка пацяплее, атмасфэрны ціск пачне расці. Дажджоў стане менш, а сонца - больш. Уночы +4...10°C, удзень +17...23°C.
У другой палове тыдня будзе хмарна з прасвятленнем і таксама цёпла ды вільготна. Чакаюцца кароткачасовыя навальнічныя дажджы. Вецер - заходні, паўднёва-заходні, сярэдні, пры навальніцах - парыўны. Начамі і ранкамі згусцеюць непрацяглыя туманы, якія пагаршаюць бачнасць да 500 мэтраў. Да канца тыдня ночы будуць халаднаватымі +4...9°C, а ўдзень паветра прагрэецца да +18...24°C.