20 красавiка 2024, Субота, 7:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргея Ціханоўскага прызналі палітычным зняволеным

15
Сяргея Ціханоўскага прызналі палітычным зняволеным

Беларускія праваабаронцы выступілі з супольнай заявай.

Тэкст заявы апублікаваў праваабарончы цэнтр "Вясна":

Патрабуем неадкладнага вызвалення Сяргея Ціханоўскага і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яго.

30 траўня 2020 года падчас правядзення пікету для збору подпісаў грамадзян у падтрымку вылучэння ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, які праходзіў у горадзе Гародня, супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы кіраўнік ініцыятыўнай групы, блогер папулярнага YouTube канала "Краіна для жыцця" Сяргей Ціханоўскі і яшчэ, як мінімум 15 грамадзян, якія бралі ўдзел у гэтым пікеце.

З інфармацыі журналістаў, якія непасрэдна прысутнічалі пры правядзенні пікета і вялі онлайн-трансляцыю, пікет адбываўся мірна, без парушэнняў грамадскага парадку, у адпаведнасці з патрабаваннямі арт. 45.1 ВК Рэспублікі Беларусь.

Затрыманне адбылося пасля відавочна незаконнага ўмяшання супрацоўнікаў міліцыі ў камунікацыю грамадзян з кіраўніком ініцыятыўнай групы С. Ціханоўскім.

30 траўня з тэлеграм-канала прэс-сакратара МУС стала вядома аб распачынанні крымінальнай справы паводле факту гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, удзел у якім нібыта прымаў С. Ціханоўскі і іншыя затрыманыя. На сёння вядома, што Ціханоўскі і яшчэ сямёра затрыманых знаходзяцца ў ІЧУ г. Менска.

Падзеі, якія папярэднічалі затрыманню - заявы Лукашэнкі падчас наведвання МТЗ на адрас Ціханоўскага, спроба перашкодзіць і стварыць канфліктную сітуацыю на пікеце з боку некалькіх жанчын, незаконнае ўмяшанне і затрыманне С. Ціханоўскага супрацоўнікамі міліцыі, дэманстратыўнае падзенне на зямлю міліцыянта і наступная рэакцыя на інцыдэнт дзяржаўных СМІ, дазваляюць зрабіць выснову пра тое, што ў дачыненні да С. Ціханоўскага магла быць учыненая правакацыя.

Аналіз відэазапісаў падзей і сведчанняў відавочцаў дазваляе зрабіць высновы аб адсутнасці падстаў для затрымання С. Ціханоўскага, пералічаных у КПК Рэспублікі Беларусь, што сведчыць пра адвольнае і незаконнае затрыманне С. Ціханоўскага.

Варта нагадаць, што гэта не першы выпадак пераследу С. Ціханоўскага за мірную рэалізацыю ім свабоды мірных сходаў, выказвання меркавання і распаўсюджвання і збору інфармацыі.

6 траўня гэтага года С. Ціханоўскі быў затрыманы пад г. Магілёвам і змешчаны ў ІЧУ г. Гомеля. Падставай для затрымання блогера стала пастанова суда Савецкага р-на г. Гомеля аб адміністрацыйным арышце, вынесеным яшчэ ў студзені 2020 года за ўдзел у акцыі пратэсту супраць т. зв. паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расеі, якая адбывалася 20 снежня 2019 года.

19 траўня 2020 года С. Ціханоўскі пастановай суда Савецкага р-на г. Гомеля быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе арышту тэрмінам 15 дзён. Падставай для прыцягнення да адказнасці стала правядзенне блогерам сустрэч з ягонымі падпісантамі ў Воршы і Берасці.

Акрамя таго суд Савецкага р на г. Гомеля вынес пастанову аб 15-ці дзённым арышце С.Ціханоўскага за арганізацыю сустрэч з падпісантамі ў г. Салігорску і Мёрах.

Такім чынам агульная сума адміністрацыйнага спагнання ў дачыненні да С.Ціханоўскага на сёння складае 45 дзён. Са слоў С.Ціханоўскага, на яго было складзена яшчэ сем пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях паводле арт. 23. 34 КоАП за арганізацыю сустрэч з падпісантамі ў розных гарадах Беларусі, што пагражае яму доўгатэрміновай ізаляцыяй.

Менавіта ізаляцыя С. Ціханоўскага непасрэдна пасля абвяшчэння «выбараў» і стварэнне перашкодаў з боку адміністрацыі ІЧУ ў допуску адваката, не дазволіла яму зарэгістраваць ініцыятыўную групы для вылучэння ў якасці кандыдата ў прэзідэнты ва ўстаноўленыя выбарчым заканадаўствам тэрміны.

Усе пералічаныя вышэй факты дазваляюць зрабіць высновы, аб наяўнасці палітычнага матыву з боку ўладаў у пераследзе С.Ціханоўскага, накіраваных на недобраахвотнае спыненне або змяненне яго публічнай дзейнасці.

Згодна з п.3.1 Метадычкай аб вызначэнні паняцця "палітычны вязень", зацверджанай беларускай праваабарончай супольнасцю на ІІІ праваабарончым форуме, пазбаўленне волі ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабод, гарантаваных міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека, з'яўляецца падставай для прызнання такой асобы палітычным зняволеным з патрабаваннем неадкладнага вызвалення.

Гэта дазваляе нам заявіць, што крымінальны пераслед С. Ціханоўскага з'яўляецца палітычнаматываваным, а сам С.Ціханоўскі палітычным зняволеным.

У сувязі з гэтым, мы прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, патрабуем ад уладаў Беларусі:

- Неадкладнага вызвалення С. Ціханоўскага і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яго;

- Вызвалення і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іншых затрыманых за ўдзел у пікеце 30 траўня 2020 года грамадзян, калі яны непасрэдна не чынілі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

РПГА "Беларускі Хельсінскі камітэт";

РГА "Прававая ініцыятыва";

ППУ "Офіс правоў людзей з інваліднасцю";

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках