16 чэрвеня 2026, aўторак, 17:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Чэргаў ніхто не чакаў». Гісторыя магіляўчанкі, якая збірала подпісы за Ціханоўскую ў Магілёве

6
«Чэргаў ніхто не чакаў». Гісторыя магіляўчанкі, якая збірала подпісы за Ціханоўскую ў Магілёве
Кацярына Таланкова

На пікеты для збору подпісаў ішлі сем'ямі, прыязджалі ў Магілёў грамадой за сто кіламэтраў.

Кацярына Таланкова, сябра ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай у Магілёве, расказвае Свабодзе, чаму яна наважыла ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі і што зьмянілася ў краіне.

Пра Кацярыну Таланкову:

Магіляўчанка. Замужам. Мае дваіх непаўналетніх дзяцей. Цяпер у дэкрэтным водпуску.

Паводле адукацыі мэдык. Скончыла магілёўскі мэдычны каледж. Працуе паводле спэцыяльнасьці ад 2001 году.

Удзельнічаць у выбарчай кампаніі яе змусіла жаданьне зьмяніць жыцьцё да лепшага.

«Хачу, каб мае дзеці былі гаспадарамі ў сваёй краіне…»

Кацярына Таланкова раней ня мела досьведу ўдзелу ў выбарчых кампаніях. Далучыцца да каманды альтэрнатыўнай прэтэндэнткі яе «загітавала жыцьцё». Яна перакананая, што мяняць сытуацыю ў краіне варта, не чакаючы, пакуль гэта зробяць іншыя. Усё пачынаецца зь сябе, лічыць жанчына.

ФОТА: "Радыё Свабода"

Суразмоўца настойвае, што зьбірала подпісы «на голым альтруізьме». Пасьведчаньне сябра ініцыятыўнай групы Ціханоўскай у Магілёве маюць толькі тры чалавекі. Заахвочваньня ім ніхто не абяцаў.

«Я хачу, каб маім дзецям жылося добра ў іхнай краіне і яны былі гаспадарамі тут, а ня марылі зьехаць, — тлумачыць сваю пазыцыю суразмоўніца. — Вядома ж, можна дома наракаць на жыцьцё і клясьці абставіны, якія робяць яго невыносным і абрыдлым, але гэты шлях у нікуды».

Яе абурае, што мужчыны ў росквіце працоўнага ўзросту вымушаныя пакідаць сем’і, каб знайсьці лепшы заробак за мяжою. Яна кажа, што ведае нямала сем’яў, якія распаліся праз доўгую разлуку. Паводле суразмоўніцы, жанчыне ў Беларусі цяжка пражыць без мужчынскай дапамогі.

Кацярына Таланкова кажа, што неспадзяванкай для яе стала падтрымка мужа. Яна меркавала, што яму, «як і многім у краіне, не да пераменаў, бо галоўнае зарабляць грошы, каб выжывала сям’я».

ФОТА: "Радыё Свабода"

«Мы разам глядзелі ў інтэрнэце ролікі і абмяркоўвалі іх, — апавядае жанчына. — Відаць, ён таксама адчуў і пагадзіўся, што трэба мяняць наша жыцьцё».

Падтрымлівае Кацярыну Таланкову і сьвякруха, «даўняя апазыцыянэрка». Пакуль нявестка зьбірае подпісы, яна даглядае ўнукаў і верыць, што такім чынам дапамагае дзецям наблізіць зьдзяйсьненьне іхных мараў пра лепшае жыцьцё.

«Чэргаў ніхто не чакаў…».

Выбарчыя пікеты больш за тры тыдні стаялі на пляцы пад вокнамі гарвыканкаму. Гэтую мясьціну ад перадвыбарчай прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году магілёўцы называюць плошчай Свабоды. Тады тут упершыню зьявіліся чэргі за альтэрнатыўных вылучэнцаў на прэзыдэнцтва. З таго часу пляц стаў эпіцэнтрам мясцовай вулічнай палітычнай актыўнасьці.

ФОТА: "Радыё Свабода"

Сёлета ахвотнікаў падтрымаць канкурэнтаў Лукашэнкі было значна болей. Першыя выбарчыя пікеты чальцы ініцыятыўных групаў разгарнулі 31 траўня. Чэргі да іх часам расьцягваліся на больш як 100 мэтраў.

Кацярына Таланкова ня можа пэўна сказаць, колькі подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую сабрала ўласнаручна. Паводле яе, у выхадныя дні да пікетаў прыходзілі да паўтысячы чалавек.

Яна кажа, што ішлі сем’ямі, маладзейшыя прыводзілі пажылых, прыяжджалі ў Магілёў кампаніямі за сто кілямэтраў. Найбольш людзей сабралася, калі наведаўся ў абласны цэнтар Сяргей Ціханоўскі. Тады ягоную жонку падтрымалі 2,5 тысячы магілёўцаў.

ФОТА: "Радыё Свабода"

«Чэргаў ніхто не чакаў, — апавядае яна. — Усё нарастала сьнежным комам. За прыкладам сьмялейшых да пікетаў прыходзілі тыя, хто напачатку пабойваўся».

Яна кажа, што людзі прыходзілі падтрымаць альтэрнатыву з словамі «Дастаў», «Стаміліся ад яго», «За перамены». Людзей ля пікетаў болела пасьля таго, як «адзін з прэтэндэнтаў рабіў правакацыйныя заявы».

«Больш слухаць гэтага не магу, таму стаўлю подпіс, каб супакоіцца. Ён мяне з канапы падняў», — пераказвае эмацыйныя выказваньні людзей суразмоўніца.

Пра Ціханоўскіх і пагрозу правакацыяў

На погляд Кацярыны Таланковай, Ціханоўскі, як і яна, хоча жыць «у нармальнай цывілізаванай краіне», каб перад законам былі ўсе роўныя і яго не выкарыстоўвалі выбарачна для пакараньня нязгодных. Ёй падабаецца, што ў Ціханоўскага ёсьць сям’я, дзеці, якімі ён даражыць. Паводле яе, ён першым зразумеў, што трэба ісьці да людзей, каб яны самі расказалі пра свае праблемы, і такім чынам аб’яднаць іх.

ФОТА: "Радыё Свабода"

«Раней людзі думалі, што толькі ў іхнай сям’і праблемы, а выявілася, што многія жывуць з падобным клопатам і ў нядолі, — разважае яна. — Сяргей паспрабаваў давесьці, што людзі павінны дапамагаць адзін аднаму і толькі агульнымі намаганьнямі можна зьмяніць жыцьцё. Гэта напалохала ўладу, таму яго спачатку не зарэгістравалі прэтэндэнтам на прэзыдэнцтва, а потым наагул пасадзілі».

Кацярына Таланкова кажа, што затрыманьне Ціханоўскага і ягоных прыхільнікаў яе абурыла. Яе перапаўняла злосьць, але страху не было, цьвердзіць яна. Зь яе словаў, у Магілёве збор подпісаў ішоў без «непрыемных сюрпрызаў», хоць «напачатку і былі дробныя сутычкі з сумнеўнымі асобамі».

«На правакацыі мы не забываліся, — адзначае яна. — Калі ішла плынь людзей, то некалькі чалавек назіралі за сытуацыяй. Яны мусілі папярэджваць нас пра ўзьніклыя пагрозы. Тое, што мы ўвесь былі напагатове, пад аховай, магчыма і дапамагло пазьбегнуць праблемаў».

ФОТА: "Радыё Свабода"

Паводле Кацярыны Таланковай, на Магілёўшчыне за Ціханоўскую падпісаліся больш за 10 тысяч чалавек. Яна кажа: калі б мясцовая каманда вылучэнкі была большай, то «яе падтрымка сягала б узроўню Бабарыкі і Цапкалы».

Пра чыноўнікаў ды іншаземцаў

Чыноўнікі Магілёўскага гарвыканкаму маглі бачыць з вакон чэргі да пікетаў канкурэнтаў Аляксандра Лукашэнкі. На думку Кацярыны Таланковай, службоўцы маглі пераканацца, што настроі ў краіне мяняюцца, і дзейны кіраўнік дзяржавы ўжо ня мае ранейшай падтрымкі.

ФОТА: "Радыё Свабода"

«Сёньня яны дзякуючы пасадам жывуць, магчыма, лепей за нас і карыстаюцца дабротамі свайго статусу. Але ў кожны момант могуць трапіць у няміласьць і ўсё для іх пераменіцца», — разважае яна.

Кацярына Таланкова мяркуе, што сёлетняя актыўнасьць адкрыла для іншаземцаў новую Беларусь. Яна лічыць, што раней беларусаў успрымалі як «зацюканых, запалоханых людзей».

ФОТА: "Радыё Свабода"

«Вырасла пакаленьне беларусаў, якое ня хоча жыць так, як жылі іхныя папярэднікі, — кажа Таланкова. — Яны думаюць іначай і прагнуць замяніць цяперашняга кіраўніка на таго, які ня будзе заступаць шлях разьвіцьцю краіны».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках