21 траўня 2024, aўторак, 12:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Блогер Ігар Лосік адмаўляецца спыняць галадоўку

19
Блогер Ігар Лосік адмаўляецца спыняць галадоўку
ІГАР ЛОСІК

Палітвязень заявіў, што сваім жыццём будзе распараджацца сам.

13 студзеня суд зноў наважыць, ці пакідаць блогера пад вартай. Ігар знаходзіцца ў СІЗА з 25 чэрвеня 2020 года - 199 дзён.

12 студзеня яго адвакат Дзмітрый Лепрэтар наведаў адміністратара тэлеграм-канала «Беларусь головного мозга» і кансультанта «Радыё Свабода» Ігара Лосіка ў СІЗА «Жодзіна». Сустрэча доўжылася блізу дзве гадзіны. Са слоў адваката, Ігар працягвае галадоўку.

«Ігар працягвае галадаць. Ён кажа, што адчувае сябе добра, - распавёў адвакат Дзмітры Лепрэтар. - Наколькі гэта праўда, праверыць не магу. Ён выглядае досыць бледным. Ігару забяспечанае, наколькі я разумею, мінімальнае медыцынскае назіранне. Наколькі тое месца, у якім ён знаходзіцца, можа сабе дазволіць. Яго крывяны ціск вымяраецца. Не так даўно пачалі вымяраць цукар у крыві. Лекары, медперсанал імкнуцца сачыць за яго станам.

Узнікла невялікая праблема з перапіскай. Апошняя вялікая партыя лістоў атрыманая ім у мінулы аўторак. Пасля гэтага Ігару прыйшло ўсяго некалькі заказных лістоў, а сёння прыйшоў адзін ліст. Дакладней, пусты канверт з паштоўкамі. Мы дакладна ведаем, што людзі пішуць Ігару, але, на жаль, на гэтым тыдні яму не быў перададзены ніводны ліст».

У сераду, 13 студзеня, Менскі гарадскі суд разгледзіць скаргу абароны Ігара Лосіка на адмову Партызанскага раённага суда ў вызваленні палітвязня.

Сам Ігар з Жодзінскага СІЗА паведамляе наступнае:

«З пачатку маёй галадоўкі прайшоў амаль месяц. Хачу падзякаваць усім, хто мяне падтрымлівае. Нягледзячы на тое, што мне перасталі перадаваць лісты з аўторка мінулага тыдня, я ведаю, што вы мне пішаце. Вы шмат пішаце. Усім тым, ад каго я атрымліваў лісты, я адказваў - чакайце асабістых слоў падзякі, фатаграфій і навін з майго турэмнага жыцця. Верагодна, вера ў вас, а таксама ў маю праўду і невінаватасць даюць мне сілы трымацца. Усім ужо даўно ясна, што мой крымінальны пераслед беспадстаўны.

Прашу ўсіх - не ўгаворвайце мяне спыніць галадоўку і здацца. Як я магу здацца, калі мяне незаконна трымаюць у турме больш за паўгода. Я ўжо забыўся голас дачкі. Я разумею, што мая сям'я і ўсе неабыякавыя людзі вельмі перажываюць за маё здароўе. Але я не магу і не хачу спыняцца. Я сам буду распараджацца сваім жыццём, і ў мяне яшчэ ёсць сілы. Я веру ў сілу вашай салідарнасці».

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках