Палітвязень Неронскі ў СІЗА перанёс каранавірус і мікраінсульт
4- 13.01.2021, 17:32
- 11,743
ФОТА: SPRING96.ORG
У судзе Лагойскага раёна прадаўжаецца суд над аўтарам ютуб-канала «Слуцк для жыцця».
Сёння другі дзень судовага паседжання. Уладзімір Неронскі зноў звярнуў увагу на бесчалавечнае абыходжанне ў ізалятарах, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».
Да суда Уладзіміра ўтрымлівалі ў Жодзінскім следчым ізалятары №8, а 6 студзеня змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання Лагойскага РАУС. У першы дзень суда палітвязень заяўляў, што ў ягонай камеры няма ацяплення, кормяць адзін раз на дзень, а замест туалета - вядро.
У сераду пракурор Аляксандр Ляўковіч спытаў блогера, ці не пярэчыць той, калі будуць зачытаныя вынікі псіхіятрычнай экспэртызы. Той пагадзіўся.
«Няхай усе ведаюць, як працуе гэтая сістэма. Калі мяне накіроўвалі ў Навінкі на тры тыдні, то сказалі, што трэба мяне кудысьці схаваць да выбараў. Так з усімі палітычнымі рабілі».
Неронскі асобна спыніўся на бесчалавечных умовах утрымання ў Лагойскім ІЧУ. Ён адзначыў, што з 26 снежня не быў у душы, а пасцельную бялізну яму не змянялі два тыдні. Слуцкі блогер налічыў «253 дні здзекаў, у чыстым выглядзе».
«Яны маральна мяне забіваюць, лепш бы дубінкай білі. Навядзіце парадак у Лагойскім ІЧУ! Мне тут кажуць: «Табе што, зладзіць салодкае жыццё тут?» Гэта тыя, хто заступае на трэцюю змену. Выключаюць святло а 6-й раніцы, людзі засынаюць, потым а 7:40 пачынаюць стукаць і крычаць: «Хутка есці!» Людзі падскочылі, не разумеюць, дзе яны знаходзяцца».
Са слоў Неронскага, у Слуцкім ІЧУ ў яго здарыўся мікраінсульт, калі ён даведаўся пра нібыта знойдзеныя ў Сяргея Ціханоўскага на лецішчы грошы. А яму ў адказ на гэта толькі казалі: толькі не памірай на нашай змене.
«За 5 гадоў людзі столькі не праходзяць выпрабаванняў, колькі я прайшоў за гэтыя 253 дні! Мяне самога першага пасадзілі, і на мне адпрацоўвалі ўсё!»
Неронскі нічога не есць у ізалятары, толькі раніцай з'ядае «лыжку вінегрэту». Больш, з ягоных слоў, есці няма чаго.
Ён распавёў, што перахварэў за кратамі на каранавірус: некаторы час не адчуваў пахаў і смакаў.