Аэрапорты Барселоны і Дюсельдорфа прызнаныя найлепшымі ў свеце
1- 18.09.2026, 22:02
Аэрапорты падзялілі на дзве катэгорыі, і абедзве з іх узначалілі еўрапейскія краіны.
Барселона (Іспанія) і Дюсельдорф (Германія) узначалілі рэйтынгі найлепшых буйных і найлепшых невялікіх аэрапортаў свету, пры гэтым Еўропа заняла 16 з 20 месцаў у двух галоўных дзясятках.
Асабліва ўражальным аказаўся вынік сярод невялікіх аэрапортаў з пасажырапатокам менш за 47 мільёнаў чалавек у год — дзевяць з дзесяці найлепшых знаходзяцца ў Еўропе, піша «Еўрапульс».
Рэйтынг World Consumer Airport Index ацэньвае аэрапорты з пункту гледжання падарожнікаў — ім хочацца не затрымлівацца на кантролі, хутка дабірацца да свайго выхаду на пасадку і пасля прылёту лёгка даехаць у горад. Таму пры складанні рэйтынгу ўлічвалі час чакання на даглядзе, зручнасць перасадак паміж тэрміналамі, чыгуначныя зносіны, гарадскі транспарт, колькасць авіякампаній і прамых рэйсаў, а таксама наяўнасць гатэля проста ў аэрапорце.
Аэрапорты падзялілі на дзве катэгорыі, і абедзве з іх узначалілі еўрапейскія краіны. Сярод найбуйнейшых у свеце першае месца заняў аэрапорт Барселоны Эль-Прат, дзе пасажыры ў сярэднім трацяць на праходжанне кантролю бяспекі ўсяго каля трох хвілін. Следам за ім апынуўся рымскі Ф'юмічына, а пятае месца заняў парыжскі аэрапорт Шарля дэ Голля.
Яшчэ больш відавочнай аказалася перавага Еўропы ў другой катэгорыі — невялікіх аэрапортаў. Першым стаў Дюсельдорф, другім — Цюрых (Швейцарыя), трэцім — Капенгаген. У Дюсельдорфе адным з галоўных плюсаў таксама стала хуткасць праходжання кантролю — паводле дадзеных рэйтынгу, чаканне там зведзена да мінімуму.
Следам за Капенгагенам ідуць Хельсінкі, Мілан (Італія), Осла і Мюнхен (Германія). Спіс завяршаюць Брусэль і Берлін.
Найлепшыя буйныя аэрапорты свету
1. Аэрапорт Барселона-Эль-Прат Жасэп Таррадэлас, Іспанія
2. Аэрапорт Леанарда да Вінчы — Ф'юмічына, Рым, Італія
3. Міжнародны аэрапорт Лос-Анджэлеса, ЗША
4. Міжнародны аэрапорт Бангкока Суварнабхумі, Тайланд
5. Аэрапорт Шарля дэ Голля, Парыж, Францыя
6. Міжнародны аэрапорт імя караля Абдулазіза, Джыда, Саудаўская Аравія.
7. Лонданскі аэрапорт Хітроў, Вялікабрытанія
8. Аэрапорт Мадрыд-Барахас імя Адольфа Суарэса, Іспанія
9. Міжнародны аэрапорт Токіа Ханэда, Японія
10. Міжнародны аэрапорт Дубая, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты
Найлепшыя невялікія аэрапорты свету
1. Аэрапорт Дюсельдорфа Лохаўзен, Германія
2. Аэрапорт Цюрыха Цюрых-Клотэн, Швейцарыя
3. Аэрапорт Капенгаген-Каструп, Данія
4. Аэрапорт Хельсінкі-Вантаа, Фінляндыя
5. Аэрапорт Мілан-Мальпенса, Італія
6. Аэрапорт Осла-Гардэрмуэн, Нарвегія
7. Міжнародны аэрапорт імя Франца Ёзафа Штрауса, Мюнхен, Германія
8. Міжнародны аэрапорт Ванкувера, Канада
9. Аэрапорт Брусэля, Бельгія
10. Аэрапорт Берлін-Брандэнбург імя Вілі Брандта, Германія