26 красавiка 2024, Пятніца, 8:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусам прапанавалі туры на вакцынацыю ў Еўропу

12
Беларусам прапанавалі туры на вакцынацыю ў Еўропу

У колькі выльецца такая паездка?

Некалькі турфірмаў прапанавалі «прышчэпачныя туры» для беларусаў, якія стаміліся ад ковідных абмежаванняў. Вы адпраўляецеся ў аўтобусны тур у Харватыю або Украіну, робіце там прышчэпку прэпаратам, адобраным у Еўропе, і падарожнічаеце потым як «белы чалавек» (без ПЛР-тэстаў і вымушанага карантыну). «Онлайнер» даведаўся, колькі каштуюць такія туры і якія яшчэ варыянты вакцынацыі за мяжой ёсць у беларусаў.

Усіх ахвотных у Беларусі бясплатна прышчапляюць «Спадарожнікам» (расейскай ці беларускай вытворчасці) або кітайскай інактываванай вакцынай Vero Cell ад кампаніі Sinopharm. Кітайскую вакцыну прызнае САЗ, а вось да расейскай усё яшчэ ёсць прэтэнзіі. Але нават сертыфікат пра вакцынацыю Sinopharm не дае беларусам «зялёнае святло» для свабодных паездак у Еўразвяз (з гэтай вакцынай бесперашкодна пускаюць толькі ў асобныя краіны, напрыклад у Гішпанію і Аўстрыю).

Каб атрымаць лічбавы сертыфікат COVID ЕЗ і свабодна перамяшчацца па Еўропе, патрэбная прышчэпка ад кампаній BioNTech/Pfizer, Moderna, AstraZeneca або Johnson&Johnson. Нядаўна міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч заявіў, што не выключае завоз Pfizer і AstraZeneca ў Беларусь, прывіваць ахвотных будуць платна. Але калі гэта здарыцца (і ці здарыцца наогул), пакуль сказаць складана.

Беларусы, якія бываюць у камандзіроўках за мяжой, імкнуцца сумясціць дзелавыя паездкі з вакцынацыяй. А нядаўна Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый паведаміў, што з'явіліся адмысловыя «прышчэпачныя туры».

Тур ва Украіну: мінімум 170 даляраў (але вакцынацыю ніхто не гарантуе)

Журналісты патэлефанавалі ў «Белтурыст», які прапануе сумясціць вакцынацыю з паездкай на выхадныя ў Львоў, і даведаліся, ці сапраўдная іх прапанова.

- Вельмі шмат турыстаў тэлефануюць і пытаюцца пра гэтыя туры. Так, мы возім людзей у Львоў, дзе вакцынацыя свабодная для беларусаў. Вы прыходзіце ва ўсякую клініку і робіце прышчэпку, - пацвердзіла праз тэлефон мэнэджарка, пры гэтым звярнула нашу ўвагу на такі нюанс: турфірма не нясе адказнасці за правядзенне прышчэпкі, турысты займаюцца гэтым пытаннем самастойна.

- Але вакцынацыя там не складае ніякай праблемы, кіроўца, які суправаджае, падказвае, дзе і што зрабіць, - запэўніла нас работніца агенцтва.

Прышчэпкі для беларусаў платныя - каштуюць 30-50 даляраў (у залежнасці ад вакцыны). А сама турыстычная паездка з адным начлегам у 3-зоркавым гатэлі і сняданкам каштавацьме 85 еўраў (амаль 100 даляраў). Асобна аплачваецца ПЛР-тэст для ўезду на тэрыторыю Украіны (20 даляраў), а таксама турыстычная паслуга (яшчэ плюс 20 даляраў).

Усяго мінімальны чэк атрымаецца 170 даляраў без выдаткаў на харчаванне і магчымыя экскурсіі.

З усіх адобраных ЕЗ прышчэпак толькі амерыканская Janssen (вытворцы Johnson&Johnson) дазваляе правесці вакцынацыю за адзін раз, у астатніх выпадках для атрымання сертыфіката спатрэбяцца дзве дозы. Калі Janssen у Львове не будзе (а гэта вакцына, з расказаў мясцовых, ва Украіне бывае рэдка), тур праз 20-30 дзён давядзецца паўтарыць, значыць, і выдаткі памнажаем на два (340 даляраў).

Нягледзячы на клапотную задуму, званкоў і рэзерваванняў у Львоў шмат, кажуць у турфірме.

- Але мы не адсочваем, хто хоча паехаць на экскурсію, а хто па вакцынацыю. Мы заяўляем тур, а турысты самі ставяць для сябе мэты і распрацоўваюць маршрут.

Сертыфікат турысты атрымаюць адразу пасля другой дозы ў той медустанове, дзе рабілі вакцынацыю.

Тур у Румынію: мінімум 450 даляраў (абяцаюць прышчапіць janssen)

Магчымасцю зрабіць прышчэпку, прызнаную ЕЗ, прыцягвае беларусаў за мяжу і агенцтва «Гермаіда». Прышчэпачны тур пад назвай «Загадкавая Румынія» журналісты знайшлі на сайце кампаніі. Праўда, пасля званка журналіста інфармацыя аб прышчэпках у апісанні паездкі чамусьці знікла.

Праз тэлефон супрацоўніца агенцтва распавяла, што вакцынацыя для беларусаў будзе платнай, але кошт пакуль невядомы («чакаем інфармацыі»). Выезд на аўтобусе плануецца ў 10-х чыслах лістапада.

- Вакцына будзе ад Johnson&Johnson, то бок, дастаткова будзе адной дозы - прышчапіўся і ўсё. Вакцынаваць будзем альбо ў Бухарэсце, альбо ў замку Дракулы.

Усяго паездка доўжыцца 7 дзён, 5 начэй турысты правядуць у гатэлі. Кошт тура - 290 еўраў. Дадаткова трэба будзе заплаціць за турыстычную паслугу, візу, медстрахоўку, ПЦР-тэст, уваходныя квіткі на славутасці - усё разам мінімум 120 даляраў.

Атрымліваецца, што тур па прышчэпку турысту выльецца ў суму мінімум 450 даляраў, і гэта без харчавання.

З іншага боку, праграма заяўленая насычаная, гэта значыць, гэты тур складана назваць выключна «прышчэпачным».

Пытаем у мэнэджара, ці не будзе праблем з выездам з краіны, улічваючы абмежаванні ў пераходзе наземнай мяжы.

- Калі мы паставілі тур, значыць, мы выязджаем і выязджалі ўжо сёлета, - коратка адказалі ў агенцтве «Гермаіда». У агенцтве «Белтурыст» таксама заявілі, што праблем з перасячэннем мяжы не будзе.

- У нас ёсць партнёры, якія арганізоўваюць гэтыя туры, а мы іх прадаём. На маёй практыцы не было праблем, больш нічога сказаць не магу.

Журналісты патэлефанавалі ў дзяржпамежкамітэт, каб даведацца, ці не развернуць на мяжы турыстаў, якія захочуць паехаць у такі тур. У прэс-службе адказалі, што абмежаванні на выезд ніхто не касаваў, выключэнняў для турыстаў не робяць.

- Дзеянні тураператараў я каментаваць не буду, але абмежаванні па-ранейшаму дзейнічаюць. Калі ў грамадзян будуць падставы для перасячэння мяжы, напрыклад, дакументы аб тым, што яны едуць па медыцынскую дапамогу або медыцынскія паслугі, у гэтым выпадку мы людзей прапусцім. Калі такіх падстаў не знойдзецца, на жаль, паездка перапыніцца на мяжы. Асобныя катэгорыі грамадзян могуць перасякаць наземную мяжу, але такой мэты, як «тур», быць не можа.

Тым, хто захоча паехаць у тур па прышчэпку, раім загадзя ўдакладніць, якія дакументы для выезду зможа падаць агенцтва і ці выпусцяць вас на мяжы праз месяц, калі спатрэбіцца з'ездзіць па другую дозу прышчэпкі.

Прапановы ад турфірмаў пакуль адзінкавыя, але па прышчэпку можна з’ездзіць і самім

Туры на вакцынацыю яшчэ пакуль не вельмі раскручаныя ў Беларусі, але патэнцыял у іх ёсць, перакананая экспэртка ў турызме, рэдактарка сайта рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый Лілія Лобзік.

- у Расеі ўжо некалькі месяцаў развіваецца гэты тып турызму (асабліва папулярныя туры ў Сербію), а ў нас ён толькі-толькі «прабіваецца». Я думаю, што яшчэ нават не ўсе хады разведаныя. Ведаю, што беларусаў прышчапляюць Румынія, Сербія, Харватыя і Украіна. Самастойна дабрацца ў гэтыя краіны можна альбо праз Маскву, альбо праз Стамбул. Так, ёсць нюансы з візамі, але пры жаданні іх можна адкрыць, у гэтым праблем не бачу.

У нейкі момант па сетцы разляцелася інфармацыя пра тое, што беларусы могуць свабодна прышчапіцца таксама ў Турцыі, але гэта не так.

- Гэта быў бы ідэальны варыянт, але, на жаль, Турцыя прышчапляе толькі сваіх грамадзян, а таксама тых, у каго ёсць дазвол на жыхарства альбо працоўная віза.

Лілія Лобзік таксама нагадвае, што беларусаў бясплатна прышчапляюць у Літве і Польшчы, але ў гэтых краінах пасля прыезду давядзецца «адседзець» карантын. А яшчэ ў Вільні не так проста знайсці аднафазную вакцыну Janssen, што для беларусаў, якія едуць спецыяльна для вакцынацыі (і хочуць атрымаць сертыфікат за адзін візіт), можа быць прынцыповым пытаннем.

«Прыехала ў цэнтр вакцынацыі і зрабіла прышчэпку без запісу»

Марына (імя змененае) зрабіла дзве прышчэпкі «Спадарожнікам» у Беларусі, а на днях таксама прышчапілася Janssen у Літве - апынулася ў Вільні па справах і вырашыла не выпускаць магчымасці атрымаць еўрапейскую вакцыну. Дабіралася складаным маршрутам Масква - Рыга - Вільня, але кажа, што можна паехаць цягніком да Калінінградскай вобласці, а потым на электрычцы вярнуцца ў Літву.

- Важны нюанс: у Літве дакладна бясплатна робяць прышчэпкі тым беларусам, у каго візы d - літоўскія гуманітарныя. Пра астатнія тыпы віз я не ведаю. Карантын беларусам патрэбны, але калі я скажу, што яго ніхто не правярае, вы зразумееце, так? У першы ж дзень па прылёце я прыехала ў цэнтр вакцынацыі Litexpo і зрабіла прышчэпку без запісу. З Janssen, я думаю, мне пашанцавала, перыядычна гэтая вакцына тут знікае. Цяпер у мяне на руках ёсць дакумент, якую вакцыну я атрымала, але праз два тыдні пасля поўнай вакцынацыі выдаецца еўрапейскі сертыфікат (ЕЗ).

«Онлайн дамовіўся з лекарам і атрымаў накіраванне на вакцынацыю»

З Варшавай усё трохі прасцей: калі ў апошнія паўгода вы перанеслі COVID-19, у Польшчу вас пусцяць і без карантыну. Такім лайфхакам падзяліўся актыўны падарожнік Антон (у яго ў скарбонцы 104 краіны). Сам ён за апошнія паўгода зрабіў тры прышчэпкі ад розных вытворцаў, апошнюю - акурат у Польшчы.

- Навошта так шмат прышчэпак? Справа ў тым, што ў красавіку я прышчапіўся расейскім «Спадарожнікам» і ўсё чакаў, калі яго прызнаюць у Еўропе. Так і не дачакаўся, а я актыўна езджу па свеце, таму праз тры месяцы наважыў зрабіць яшчэ і Sinopharm. Атрымаў сертыфікат і з'ездзіў з ім шчасна ва Украіну і ў Гішпанію (туды з Sinopharm пускаюць). З Гішпаніі я не мог наўпрост вярнуцца ў Беларусь, таму што наўпроставых рэйсаў няма, таму наважыў паляцець праз Варшаву. І там загадзя ўзгадніў бясплатную вакцынацыю амерыканскай вакцынай Janssen, каб можна было ўжо свабодна потым лётаць у Еўропу (калі адкрыюць межы).

Каб запланаваць прышчэпку на патрэбную дату, Антон загадзя запісаўся на кансультацыю з польскім лекарам па відэасувязі, заплаціў 99 злотых (блізу 25 даляраў).

- Польскія лекары прымаюць онлайн на сайце eDoktorzy.pl. Яны нават відэаканферэнцыю не ладзяць, просяць выслаць фота пашпарты і ў адказ адпраўляюць накіраванне на вакцынацыю. Кажуць, цяпер можна і без гэтага зрабіць прышчэпку - у выхадныя ў гандлёвых цэнтрах. Але мне было важна запісацца на пэўны час і дакладна зрабіць вакцыну Janssen. З накіраваннем я патэлефанаваў на гарачую лінію ў Польшчы, пакінуў польскі нумар тэлефона (тут мне дапамагла сяброўка) і атрымаў СМС аб тым, што запіс пацверджаны. Зрабіў прышчэпку і атрымаў сертыфікат.

З выдаткаў - ноч у гатэлі і 99 злотых на лекара, прышчэпка бясплатная.

Што рабіць тым, хто нам ковід не хварэў у апошнія паўгода, але марыць паехаць у Польшчу па аднафазную Janssen? Простых варыянтаў прышчапіцца еўрапейскай вакцынай сёння няма, кажа Антон. Калі вы сур'ёзна гатовыя да гэтага, можна з’ездзіць у Польшчу праз так званыя «краіны-пракладкі». Бюджэтнай такая паездка наўрад ці атрымаецца (туры дакладна таннейшыя).

- Ці можна зрабіць грэцкі шэнген і праз Маскву з ПЛР (або з сертыфікатам аб прышчэпцы) злятаць у Грэцыю. Калі вы зрабілі кітайскую вакцыну Sinopharm, ёсць варыянт паляцець у Гішпанію. У гэтых краінах можна зрабіць тэст на антыген за 30 еўраў і паляцець лаўкостам у Польшчу. Там з адмоўным тэстам вас не прымусяць сядзець на карантыне, і вы зможаце зрабіць прышчэпку і вярнуцца ў Беларусь. Гэта, вядома, велізарны крук, але пакуль што іншых варыянтаў я не бачу.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках