Беларусы сутыкнуліся з новым тыпам махлярства
9- 13.11.2021, 21:08
- 50,610
Гісторыя жыхаркі Баранавіч, якая раскусіла схему ашуканцаў.
Жыхарка Баранавіч Таццяна, спрабуючы прадаць мабільны тэлефон праз сайт абвестак, ледзь не трапілася на вуду ашуканцаў. Каб папярэдзіць і засцерагчы людзей, яна наважыла падзяліцца сваёй гісторыяй з intex-press.by.
Усё пачалося з таго, што Таццяна наважыла прадаць свой стары тэлефон. Абвестку аб яго продажы яна размясціла адразу на некалькіх сайтах прыватных абвестак, і даслоўна на наступны дзень у адзін з мэсэнджараў Таццяне напісала дзяўчына з прапановай аб пакупцы.
- Я ўбачыла расейскі нумар і напісала, што жыву ў Беларусі, але пакупніца запэўнівала, што хоць і піша з расейскага нумара, сама знаходзіцца ў Берасці. Яна пацікавілася, ці магу я адправіць тэлефон «Еўрапоштай» пры поўнай перадаплаце з яе боку праз тую ж «Еўрапошту», - распавядае Таццяна. - Для пераказу грошай пакупніца папрасіла толькі мой нумар тэлефона і прозвішча, імя, імя па бацьку. Тут я і насцярожылася, таму што працую бухгалтарам, у тым ліку з банкаўскімі пераказамі, і ведаю, што для іх патрэбны зусім іншыя звесткі.
Таццяна прызналася «пакупніцы», што паслугамі «Еўрапошты» яна ні разу не карысталася, і стала ўдакладняць, як будзе выглядаць працэс куплі-продажу. Тая напісала, што пералічыць грошы на сайт «Еўрапошты» і скіне Таццяне спасылку, па якой яна павінна будзе перайсці і ўвесці звесткі банкаўскай карты, пасля чаго на яе адразу паступяць грошы.
Для большай пераканаўчасці «пакупніца» скінула Таццяне электронны чэк аб аплаце пераказу і спасылку, пра якую гаварыла. Са слоў Таццяны, пакупніца настойвала на тым, што грошы трэба забраць менавіта ў той дзень, але беларуска наважыла перастрахавацца і патэлефанавала ў аддзяленне «Еўрапочты» ў Баранавічах, каб удакладніць, ці сапраўды яны ажыццяўляюць грашовыя пераказы.
- Мне адказалі, што аплата на пошце ажыццяўляецца па факце за пасылку, і ніякія грашовыя пераказы яны не ажыццяўляюць, - распавядае Таццяна. - Я была ў замяшанні, бо пакупніца скінула мне чэк аб аплаце!
Па спасылцы, указанай у паведамленні «пакупніцы», Таццяна ўсё ж такі перайшла. Сайт выглядаў якраз як у «Еўрапошты». Але пасля камунікацыі з ботам на гэтым сайце Таццяну насцярожыў той факт, што ў аддзяленні ёй сказалі адну інфармацыю, а на сайце - іншую, таму, натуральна, ніякіх звестак карты яна ўводзіць не стала. А назойлівай «пакупніцы», якая ўвесь час ёй пісала і прыспешвала з уводам звестак, прыгразіла міліцыяй.
- Я напісала, што тэлефанавала на пошту і там не пацвердзілі наяўнасць такой паслугі. А яшчэ сказала, што калі яна працягне мне пісаць, я паведамлю ў міліцыю. Пасля гэтага паведамленні ад яе перасталі прыходзіць, - кажа Таццяна.
Нягледзячы на тое, што дакучлівая дзяўчына адстала, а Таццяна ніякіх звестак не ўводзіла, яна ўсё роўна перажывала праз тое, што яна перайшла па спасылцы. Таму яна патэлефанавала ў свой банк, расказала аб сітуацыі, якая склалася і спытала, што ёй рабіць.
- Мне параілі змяніць карту на ўсялякі выпадак, але я пакуль пагляджу, што будзе далей, - кажа яна. - Я наважыла распавесці пра гэты выпадак, каб людзі ведалі аб новым тыпе махлярства і не вяліся на гэта.