Бацька і сын Кузнечыкі, якія жывуць у пасольстве Швецыі звярнуліся ў Камітэт супраць катаванняў
5- 21.12.2021, 19:27
- 21,940
Кузнечыкі знаходзяцца ў пасольстве Швецыі з 22 верасня 2020 года.
Беларусы Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі, якія ўжо больш за год жывуць у пасольстве Швецыі, падалі скаргу ў Камітэт супраць катаванняў, паведамляе абаронца Кузнечыкаў юрыст Вадзім Драздоў.
У сваёй скарзе бацька і сын пішуць, што калі яны будуць выдвараныя з тэрыторыі амбасады і затрыманыя беларускай міліцыяй, то сутыкнуцца з рэальнай пагрозай катаванняў.
У Камітэце супраць катаванняў скаргу прынялі да разгляду, пасольства Швецыі павінна будзе рабіць неабходныя захады для забеспячэння асабістай недатыкальнасці заяўнікаў, пакуль іх скарга знаходзіцца на разглядзе.
Нагадаем, бацька і сын Кузнечыкі бралі ўдзел у пратэстах у 2020 годзе і маглі атрымаць турэмны тэрмін за супраціўленне супрацоўнікам міліцыі. 22 верасня 2020 года яны пералезлі праз плот на тэрыторыю пасольства Швецыі і знаходзяцца там дагэтуль. У будынку пасольства ім выдзелілі пакой, у якім ёсць усё неабходнае. Прадукты Кузнечыкам купляюць, ежу яны гатуюць сабе самі. З роднымі Кузнечыкі не бачыліся больш за год, размаўляюць толькі праз відэасувязь.