26 красавiка 2024, Пятніца, 7:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Рэжым нідзе не можа ўзяць пазыку, нават у Кітаі»

17
«Рэжым нідзе не можа ўзяць пазыку, нават у Кітаі»
ФОТА: NN.BY

Як ранейшыя і новыя санкцыі паўплываюць на беларускую эканоміку.

Яшчэ да прыняцця пятага пакета эканамісты прагназавалі: са снежня Беларусь пачне адчуваць на сабе наступствы санкцый. Асабліва балючым павінен быў стаць ўдар па нафтавым і калійным сектарах. Якіх страт чакаюць цяпер? Як паўплываюць новыя санкцыі Еўропы і ЗША? Пра гэта ў матэрыяле «Нашай Нівы».

Чаму эфекту папярэдніх санкцый чакалі са снежня?

Да снежня была адтэрміноўка амерыканскіх санкцый што да «Беларуськалію».

Сектаральныя еўрапейскія санкцыі ўвялі яшчэ ў чэрвені. Але з адкладзеным механізмам, і пад іх не падпадалі раней укладзеныя кантракты.

«Наколькі гэтыя доўгатэрміновыя кантракты, мы не ведаем. Калі казаць пра дробныя пастаўкі, на іх санкцыі дзейнічаюць адразу. Калі аб знакавых прадпрыемствах накшталт «Беларуськалію», «Белнафтахіма» - там часта кантракты ўкладаюцца на год — тлумачыць эканаміст Леў Львоўскі. - Зразумела, што гэтыя кантракты наўрад ці былі ўкладзеныя менавіта перад падпісаннем санкцый.

З гэтага зыходзяць эканамісты, калі кажуць, што мы пачнём адчуваць эфект санкцый дзесьці ў чацвёртым квартале гэтага і першых двух кварталаў 2022 года. А пакуль яшчэ назіраем толькі эпізадычныя эфекты».

Адтэрміноўка ў санкцыях давалася, каб афіцыйны Менск змяніў свае дзеянні. Рыторыка сапраўды змянілася - на больш ваяўнічую.

Беларускі экспартны цуд, які мы назіралі з пачатку года, наўрад ці зможа кампенсаваць гэтыя страты.

«У многіх сектарах фізічныя аб'ёмы экспарту за 2021 засталіся на папярэдніх адзнаках, але падвысіліся кошты. Цяпер цэны паступова прыходзяць у норму, адпаведна, заканчваецца і наш экспартны цуд. Калі за першыя сем месяцаў у нас рост эканомікі складаў блізу 3%, то цяпер — 2,4%», — кажа Львоўскі.

«Мы не можам нідзе ўзяць пазыку, нават у Кітаі»

Найбольш балючымі могуць апынуцца не абмежаванні ў нафце і каліі, а праблема замежных пазык, мяркуе эканаміст.

«Налета бюджэт плануецца з дэфіцытам. Плюс нам трэба будзе аддаваць больш за 3,5 млрд даляраў замежнай запазычанасці. А Уладзімір Пуцін пры апошняй сустрэчы выказаўся, што 640 мільёнаў даляраў, якія ён выдзеліў, - гэта нам на наступныя паўтара года. Калі гэта так, то пры немагчымасці замежных пазык, наступны год становіцца крызісным.

Мы не можам нідзе ўзяць пазыку, нават у Кітаі. Кітай нам нічога не дае з пачатку палітычнага крызісу. На сёння гэты эфект нават больш важны, чым санкцыі на асобныя прадпрыемствы».

Ацэнкі магчымых страт розныя - ад 1% ВУП да 10% у доўгатэрміновай перспектыве.

Старэйшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іёсуб тлумачыць, чаму складана даць дакладны прагноз.

«Першае - гэта закрыццё часткі афіцыйнай статыстыкі. Напрыклад, што тычыцца паставак нафтапрадуктаў, звестак аб тытуню, угнаеннях, машынабудаванні. Закрылі як аб'ёмныя паказчыкі, так і фінансавыя.

Другі момант - не заўсёды на практыцы зразумела, наколькі жорстка санкцыі будуць ужывацца і наколькі складана іх будзе абыходзіць».

Не да канца зразумела таксама, наколькі жорстка будзе дзейнічаць механізм другасных санкцый.

«Беларуснафта» ў спісе — балючы ўдар»

У пятым пакеце еўрапейскіх санкцый апынуліся чатыры важныя кампаніі - «Белавія», «Беларуснафта», «Гродна Азот»і «Белшына».

«Беларуснафта» ў спісе - балючы ўдар. Раней яе прадукцыя не трапляла ў сектаральныя санкцыі, бо яны распаўсюджваліся на нафтапрадукты, а не на сырую нафту.

«Беларусь штогод пастаўляе блізу 1,6 мільёна тон сваёй нафты ў Нямеччыну і на гэтым зарабляе некалькі сотняў мільёнаў даляраў. У 2020-м (калі былі праблемы з нафтай) гэтая сума складала блізу 340 мільёнаў даляраў, а ў 2019-амаль 730 мільёнаў. Што больш за 1% валавога прадукту Беларусі.

У кампаніі ёсць актывы за мяжой. Напрыклад, у Польшчы даччыная кампанія «Beloil Polska». Яна мае сетку аўтазаправак. Прыбытак «Beloil Polska» ў 2020 годзе складаў больш за 150 мільёнаў даляраў. Еўрапейскія санкцыі павінны замарозіць актывы прадпрыемства за мяжой», - апісвае наступствы Алесь Аляхновіч, эканамічны дарадца Святланы Ціханоўскай.

Глядзім «Гродна Азот». У 2020-м Беларусь пастаўляла азотных угнаенняў на 180 мільёнаў даляраў. Палову прадукцыі «Азот» гнаў на еўрапейскі рынак: Францыя, Нідэрланды, Вялікая Брытанія і іншыя краіны.

Тэарэтычна, страты ад санкцый па гэтым кірунку - блізу 90 мільёнаў даляраў на год. Таму што пастаўляць у ЕЗ будзе забаронена ўсякую прадукцыю.

«Белшына» мае два прадстаўніцтвы ў Еўрапейскім Звязе — у Літве і Баўгарыі. Гэта таксама можа быць ударам. Раней ЕЗ забараняў не толькі набыццё прадукцыі, але таксама транзіт праз еўрапейскую тэрыторыю. Нават калі «Белшына» знойдзе спосабы абыходу, то праз расейскія парты гэта будзе рабіць даражэй», - кажа Алесь Аляхновіч.

Што мяняюць амерыканскія санкцыі?

Сярод тых, хто трапіў пад новыя амерыканскія санкцыі з 2 снежня - Беларуская калійная кампанія. Аляхновіч тлумачыць, чаму гэта істотны момант. У «Яры» кантракт укладзены менавіта з БКК, а не з "«Беларуськаліем». Фармальна гэтае супрацоўніцтва не супярэчыла абмежаванням.

«Але цяпер амерыканцы закрылі гэты прабел і магчымасць рознай трактоўкі. Амерыканскія санкцыі дзейнічаюць не толькі ў дачыненні да амерыканскіх прадпрыемстваў і фізічных асоб, але і супраць тых, хто мае ў ЗША свае філіялы. Калі «Яра» мае такія аддзяленні, яны не змогуць больш набываць угнаенні ў БКК». Пяцігадовы кантракт «Яры» з Беларуссю можа сарвацца.

У спісе з'явіўся і «Слаўкалій».

«Кітайскія банкі, нават пасля таго як Еўропа дадала Гуцэрыева ў санкцыйны пакет, перасталі пералічваць крэдыты па дамовах, якія былі падпісаныя са «Слаўкаліем», — кажа Аляхновіч. - Можна спадзявацца, што цяпер і арабскія краіны не будуць рызыкаваць. Амерыка можа паставіць пытанне рубам - або супрацоўнічаеце з намі, або з нашымі ворагамі»

Што яшчэ важна: ЗША ўвялі забарону на новыя аперацыі з Мінфінам і Банкам развіцця Беларусі. Забароненыя пазыкі з тэрмінам выплаты, большым за 90 дзён. Не дазваляецца і абыход санкцый.

«Гэта можа мець другасны эфект, гэта значыць, не толькі Амерыка, але банкі з іншых краін будуць трымацца далей ад Мінфіна і Банка развіцця. Фінансавыя санкцыі тычацца і новых, і старых аблігацый (якія ўжо каціруюцца на міжнародных фінансах рынках).

Амерыканскія банкі і іншыя юрыдычныя асобы і фізічныя асобы не змогуць набываць ужо існыя еўрабонды», - дадае Алесь Аляхновіч.

«Будуць праводзіць пастаўкі праз пасярэдніцкія структуры»

Відавочна, што ўлады паспрабуюць абыходзіць санкцыі.

«Напрыклад, праводзіць пастаўкі праз пасярэдніцкія структуры, хутчэй за ўсё, праз расейскія. Калі ўзнікаюць складанасці з правядзеннем выплат, іх можна рабіць праз расейскія банкі», - мяркуе Вадзім Іёсуб.

З тым жа «Нафтанам», які трапіў пад санкцыі, сітуацыя дзіўная.

«Расейскія кампаніі, якія працуюць на міжнародным рынку, сказалі: мы на «Нафтан» сыравіну не пастаўляем. Нібыта ніхто нафту туды не прадае, але завод як працаваў, так і працуе», - заўважае экспэрт.

Пры гэтым намеснік прэм'ер-міністра Юрый Назараў паведамляў, што беларускія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы праз санкцыі страцілі 80 млн даляраў.

У жніўні ўлады Літвы заяўлялі, што спыняць транзіт нашых калійных угнаенняў. Беларусь як запасны варыянт разглядала экспарт праз расейскія парты, напрыклад, Мурманск. Але тут не ўсё так проста.

«Ёсць пытанні і з лагістыкай, і з прапускной здольнасцю. У расейскіх партах няма свабодных магутнасцяў для перавалкі, трэба будаваць новыя тэрміналы. Для гэтага патрэбныя час і грошы», - кажа аналітык.

«Калі б праз Расею гэта ўсё было больш выгадна рабіць эканамічна, мы б даўно так рабілі, — разважае Леў Львоўскі. - Расейскія контрагенты, якія будуць дапамагаць абыходзіць санкцыі, адпаведна, будуць прэтэндаваць на нейкую частку прыбытку. Якія страты рушаць услед, мы пакуль не ведаем, трэба глядзець з практыкі».

Магчыма, Беларусь паспрабуе долю еўрапейскага экспарту перанакіраваць у краіны, якія не далучыліся да санкцый. І сутыкнецца з праблемай.

«Адна з важных для нас краін - Украіна. З ёй доўгі час Аляксандр Лукашэнка стараўся сварыцца па мінімуму. Калі параўнаць рыторыку ў дачыненні да Літвы, Польшчы і Украіны, то гэта неба і зямля. Але на апошнім тыдні ўсё змянілася: ужо гучаць ваенныя пагрозы. Таму нарасціць экспарт праз той кірунак будзе праблематычна».

«Уздзеянне санкцый не такое аднамомантнае. Яны дзейнічаюць нават перад іх прыняццем. Калі ў СМІ ёсць інфармацыя, што хтосьці можа трапіць у санкцыйны спіс, кампаніі пачынаюць рыхтавацца загадзя, — кажа Алесь Аляхновіч. — Тое ж тычыцца і замежных партнёраў. «Яра» рызыкнула і падпісала пяцігадовы кантракт з Беларускай калійнай кампаніяй, але іншыя могуць адмаўляцца ад супрацоўніцтва з нашымі кампаніямі, бо не хочуць рызыкаваць».

На ягоную думку, беларуская эканоміка пачне адчуваць эфект ад санкцый ужо цяпер, але пік прыпадзе на другую палову 2022 года.

«Часта мы звярталі ўвагу, што санкцыі бяззубыя. Але еўрапейцы вучацца на сваіх памылках і дапрацоўваюць санкцыі. Ужо агучана, што ідзе праца над шостым пакетам. Заяўлялася, што там можа апынуцца да 300 фізічных і юрыдычных асоб.

Еўрапейцы павялічваюць ціск - колькасны і якасны. І нават калі будуць спосабы абыходу гэтых санкцый рэжымам, то можна спадзявацца, што ЕЗ з часам закрые і гэтыя каналы.

Санкцыйная палітыка - гэта марафон. І беларускім уладам мігранцкім крызісам або рэферэндумам не атрымаецца спыніць санкцыі. Пакуль у Беларусі не будуць вызваленыя палітвязні, спыненыя рэпрэсіі, пакуль не пачнецца нацыянальны дыялог, санкцыі будуць узмацняцца. Гэта разумеюць замежныя інвестары».

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках