Відэафакт: У Калумбіі 14-гадовая дзяўчынка адбілася ад рабаўнікоў з дапамогай мачэтэ
15- 13.02.2021, 21:26
- 27,493
Трое ўзброеных рабаўнікоў няўдала напалі на сямейную краму.
У калумбійскім горадзе Багаце 14-гадовая дзяўчынка пры дапамозе мачэтэ выгнала з крамы трох рабаўнікоў. Пра гэта 8 лютага паведаміў калумбійскі тэлеканал Caracol Televisión, піша «Гордан».
Канал таксама апублікаваў у YouTube відэа з камер назірання, на якім зафіксаванае гэтае здарэнне. На запісе відаць, як два мужчыны ў матацыклетных шаломах увайшлі ў краму. Следам за імі увайшоў трэці і паспрабаваў зачыніць уваход у будынак, але ў яго не выйшла.
Адзін з мужчын спрабаваў уварвацца за прылавак, дзе сядзела ўладальніца крамы разам з дачкой. 14-гадовая дзяўчынка расказала, што ён наставіў на яе з маці рэвальвер. Пасля гэтага яна схапіла мачэтэ і пачала адбівацца ім ад рабаўніка. Жанчыны здалелі выгнаць усіх зламыснікаў, яны ўцяклі ў невядомым кірунку.
Адзін з нападнікаў паспеў стрэліць і параніў уладальніцу крамы, куля прайшла навылёт і не зачапіла жыццёва важных органаў, адзначае тэлеканал.
Пасля інцыдэнту 14-гадовая дзяўчынка расказала, што гэта ўжо не першы напад на краму, менавіта таму яны захоўвалі халодную зброю ля прылаўка.