Каця і Даша супраць «гітлер’югенда»
22- Ірына Халіп, «Новая газета»
- 21.02.2021, 10:11
- 15,578
Ці разумеюць аўтары незаконных прысудаў, што «партайгеносэ» іх падставілі?
Калі шчыра, то ніхто і не спадзяваўся, што Дашу і Кацю выпусцяць з-пад варты. У Беларусі апошнім часам так не бывае. І ўвогуле не бывае, каб суддзя раптам даў што-небудзь меншае, чым патрабуе пракурор. А пракурор хацела менавіта «двушачку». Так і здарылася.
Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова, журналісткі польскага тэлеканала «Белсат», які вяшчае на беларускай мове, прызнаныя вінаватымі ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і асуджаныя (кожная) да двух гадоў калоніі.
Камізэлькі з надпісам «Прэса» суд пастанавіў канфіскаваць. Штодзённікі – знішчыць.
Паводле версіі абвінавачвання, 15 лістапада мінулага года Даша і Каця падчас стрыму з Плошчы Пераменаў (так цяпер менчукі называюць двор, дзе быў забіты Раман Бандарэнка) агучвалі ў эфіры «інфармацыю з дэструкцыйных старонак у сацыяльных сетках» і тым самым заклікалі людзей на акцыю «з мэтай стварэння масавасці для магчымасці супрацьстаяння дзеянням супрацоўнікаў праваахоўных органаў». Акрамя таго, Даша і Каця сваім стрымам спынілі 19 маршрутаў грамадскага транспарту і нанеслі «Менсктрансу» шкоду 11 тысячаў рублёў (прыблізна 4,3 тысячы даляраў).
Эксперты-лінгвісты, якія аналізавалі стрым, ніякіх заклікаў у словах журналістаў не выявілі. Адвакаты нагадалі, што ў той дзень у горадзе, як гэта часта бывае ў Менску ў нядзелі, быў цалкам адключаны мабільны інтэрнэт, і каардынаваць дзеянні людзей пасродкам стрыму Андрэева і Чульцова не змаглі б, нават калі б вельмі захацелі. Зрэшты, гэта той самы суд, калі і так усё зразумела. «Мяркую яго актам помсты спецслужбаў за выкананне маіх прафесійных абавязкаў», – сказала Кацярына Андрэева ў першы дзень суда.
А ў апошнім слове яна запатрабавала апраўдання і вызвалення ўсіх палітвязняў і нагадала, у якіх умовах працуюць беларускія журналісты апошнія паўгода.
З апошняга слова Кацярыны Андрэевай:
«Кожны раз, сыходзячы на працу, я рызыкавала сваім здароўем і жыццём. Тым не менш я ішла ў эпіцэнтр падзей. У мяне атрымлівалася хавацца ад абстрэлаў гумовымі кулямі, выбухаў святлошумавых гранатаў, удараў дубінак. Маім калегам пашанцавала значна менш. У іх прыцэльна стралялі, ім ламалі насы, але да гэтага часу паводле фактаў гвалту над імі не заведзена ніводнай крымінальнай справы, як і гвалту над мірнымі пратэстоўцамі.
11 лістапада быў забіты Раман Бандарэнка за тое, што не дазваляў зразаць стужачкі. 15 лістапада на Плошчу Пераменаў выйшлі людзі.
Я паказвала гэтыя падзеі ў прамым эфіры. За гэта мяне кінулі ў турму паводле прыдуманага абвінавачвання...
Я патрабую апраўдальнага прысуду для сябе, для сваіх калегаў і для сотняў палітвязняў».
Гэты суд нічым не адрозніваўся ад дзясяткаў іншых такіх жа абсурдных канвеерных судоў, якія ў апошнія тыдні ідуць у Беларусі. Гэтыя суды паводле артыкула 342 – таго ж самага, паводле якога асудзілі Дашу і Кацю, – ужо сталі амаль такімі ж звыклымі, як судовыя канвееры ў 1937 годзе. Паводле абвінавачвання са словамі «выйшаў на праезную частку ў складзе калоны» даюць два-тры гады калоніі, а ўжо калі знойдзецца «пацярпелы» з АМАПа, то і чатыры-пяць. Але толькі журналістаў судзяць выключна за тое, што яны журналісты.
І яшчэ адна важная асаблівасць суда над Дашай і Кацяй.
Пракурорцы Аліне Касьянчык, якая запатрабавала двух гадоў калоніі для журналістак, – 22 гады.
Следчаму Ігару Кудзелю, які вёў справу і рыхтаваў абвінаваўчую выснову, – 23.
Старэйшаму следчаму Ігару Курыловічу – 30 гадоў.
А суддзі Фрунзенскага суда Менска Наталлі Бугук, якая, ні на секунду не засумняваўшыся, адправіла Андрэеву і Чульцову ў калонію, – 31.
Гэта значыць, што адначасова з бясстрашнымі студэнтамі, якія выходзілі на пратэсты і цяпер сядзяць у турмах ці бегаюць у пошуках працы пасля адлічэння «за палітыку», у Беларусі сфармаваўся і «гітлер’югенд», які спакойна і радасна, у прадчуванні хвалы і прэміі, адпраўляе сваіх аднагодкаў за краты.
«Ці разумеюць увогуле яны, як іх падставілі? – піша ў сваім Фэйсбуку муж Каці Андрэевай Ігар Іліяш. – Што гэтая ганебная і неверагодна рэзанансная справа здольная назаўжды паставіць крыж на іх рэпутацыі і, адпаведна, іх будучыні? Ці разумеюць яны, што іх тупа хочуць павязаць крывёю з сістэмай, якая памірае і не мае ні найменшага шанцу на выратаванне?» Не, Ігар, не разумеюць. Таму што падстаўляюць «гітлер’югенд» дасведчаныя партайгеносэ, якія выдатна ведаюць, як гэта робіцца.
Ірына Халіп, «Новая газета»