Навукоўцы знайшлі нечаканы спосаб «амаладзіць» кішэчнік
2- 12.05.2026, 10:49
- 2,358
Яго праверылі на мышах.
Даследнікі з Ульмскага ўніверсітэта і Медыцынскага цэнтра Дзіцячай бальніцы Сінсінаты высветлілі, што перасадка кішэчнай мікрабіёты ад маладых мышэй пажылым жывёлам здольная часткова звярнуць узроставыя змены ў кішэчніку. Праца апублікаваная ў часопісе Stem Cell Reports.
Навукоўцы выявілі, што пасля трансплантацыі мікрабіёты ў старых мышэй актывізаваліся кішэчныя ствалавыя клеткі, якія адказваюць за пастаяннае абнаўленне слізістай абалонкі кішэчніка. У выніку тканкі пачалі аднаўляцца хутчэй, а кішэчнік лепш спраўляўся з пашкоджаннямі.
«З узростам пастаяннае аднаўленне тканак кішэчніка запавольваецца, з-за чаго арганізм становіцца больш уразлівым да захворванняў кішэчніка», — растлумачыў малекулярны біялог Хартмут Гайгер.
Кішэчны эпітэлій — унутраная выстілка кішэчніка — пастаянна абнаўляецца дзякуючы працы ствалавых клетак. Аднак з узростам актыўнасць гэтых клетак змяншаецца, што пагаршае аднаўленне тканак і павышае рызыку запаленняў і іншых парушэнняў.
Раней навукоўцы ўжо паказалі, што старэнне звязана з пагаршэннем працы кішэчных ствалавых клетак. Таксама вядома, што з узростам змяняецца склад кішэчнай мікрабіёты. Цяпер даследчыкі вырашылі праверыць, ці звязаныя гэтыя працэсы паміж сабой.
Для эксперыменту навукоўцы перасаджвалі ўзоры кішэчнай мікрабіёты паміж маладымі і старымі мышамі. Пасля серыі трансплантацый яны вывучылі стан кішэчніка жывёл.
У старых мышэй эфект быў выразным: узмацнілася актыўнасць ствалавых клетак і так званага Wnt-сігналінгу — малекулярнага механізму, неабходнага для рэгенерацыі тканак. Акрамя таго, кішэчнік хутчэй аднаўляўся пасля радыяцыйнага пашкоджання.
«Калі старую мікрабіёту замянялі маладой, ствалавыя клеткі зноў пачыналі ствараць новыя тканкі кішэчніка так, нібы самі клеткі памаладзелі», — адзначыў сааўтар даследавання І Чжэн.
У маладых мышэй пасля перасадкі «старой» мікрабіёты змены былі значна слабейшыя: праца кішэчніка заставалася адносна стабільнай. На думку аўтараў, гэта сведчыць пра тое, што кішэчнік, які старэе, значна больш адчувальны да зменаў мікрабіёму.
Нечаканай знаходкай стала роля бактэрыі Akkermansia. Звычайна яе лічаць карыснай: ранейшыя даследаванні звязвалі яе з абаронай ад атлусцення і паляпшэннем абмену рэчываў. Аднак у кішэчніку старых мышэй падвышаная колькасць Akkermansia, наадварот, падаўляла Wnt-сігналінг і пагаршала працу ствалавых клетак.
Аўтары падкрэсліваюць, што пакуль вынікі атрыманыя толькі на мышах, а чалавечы арганізм значна складанейшы. Тым не менш праца паказвае, што ўзроставыя пагаршэнні рэгенерацыі кішэчніка могуць быць зваротнымі.
На думку даследчыкаў, у будучыні кіраванне складам кішэчнай мікрабіёты можа стаць адным са спосабаў падтрымання здароўя кішэчніка і прафілактыкі ўзроставых захворванняў.