26 красавiка 2024, Пятніца, 18:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Жыццё толькі пачынаецца! А вось як яны без слесара такога разраду будуць спраўляцца?»

21
«Жыццё толькі пачынаецца! А вось як яны без слесара такога разраду будуць спраўляцца?»

Працоўны БМЗ змагаецца з рэжымам і зараджае аптымізмам усіх вакол сябе.

26 лютага з БМЗ звольнілі актывіста Андрэя Мартысюка, які выступае за стварэнне на прадпрыемстве пяршоўкі незалежнага прафзвязу. «Вядома, палітыка», – не сумняваючыся называе прычыну ўжо былы завадчанін, паведамляюць «Моцныя навіны».

– Маральна да гэтага быў гатовы ўжо 8 снежня, – расказвае Андрэй. – Калі ў райвыканкам аднеслі дакументы на рэгістрацыю завадской першаснай арганізацыі БНП, заставалася толькі назіраць і чакаць «свайго часу».

Тады на стол кіраўніка мэрыі леглі імёны 11 актывістаў, якія пастанавілі ўзяць стварэнне незалежнага руху ў свае рукі. Сёння на заводзе засталіся працаваць шасцёра з іх, астатніх звольнілі.

– У БНП жлобінскія чыноўнікі ўбачылі магчымасць «захапіць уладу» і «расхістаць завод». І колькі мы ім не спрабавалі данесці, што гэта будзе дадатковая дыялогавая пляцоўка, што рух дасць штуршок да развіцця, яны нават і слухаць не хацелі. Нам тады адразу сказалі, што працаваць на БМЗ нам засталося нядоўга, гэта быў свайго роду «расстрэльны спіс адзінаццаці».

Мартысюка звольнілі за пропускі, як і некаторых ягоных паплечнікаў – кіраўніцтва не ўважыла паважнай прычынай адбыванне тэрміну ў ІЧУ.

Андрэя 8 лютага змясцілі ў ізалятар даседжваць тэрмін, які быў вынесены яму яшчэ ў жніўні.

– Мяне затрымалі ў ноч пасля выбараў. Я ў той дзень гасціў у сябра, а калі адправіўся дадому, мяне схапілі. Трошкі не дайшоў, – усміхаючыся, успамінае мужчына.

На пытанне: «Білі?» – адказвае: «Ды так. Прайшліся па спіне, зрабілі масаж дубінкай».

Адбываць прысуджаныя 15 сутак Мартысюка адвезлі ў Жыткавіцкі ІЧУ. Але ўжо на чацвёрты дзень адпусцілі – тады, 14 жніўня, пасля сустрэчы мясцовых уладаў з гараджанамі кіраўнік міліцыі паабяцаў выпусціць на волю ўсіх жлобінскіх «палітыканаў».

– Дабраўся на дызелі дадому, пасля прыходу на працу ніякіх прэтэнзій на свой адрас не пачуў.

Увагу завадской адміністрацыі Андрэй звярнуў трохі пазней, калі выступіў за стварэнне незалежнага прафзвязу. Тады прафкам БМЗ склікаў пасяджэнне і зладзіў «таварыскі суд», падчас якога аднагалоснай пастановай «за парушэнне статута» выключыў завадчаніна са складу праўладавага аб'яднання. Гэта быў першы падобны выпадак за ўсю гісторыю ягонага існавання.

Пасля гэтага мужчыну ўзялі «на асаблівы кантроль». Але паколькі прычапіцца не было да чаго – 20 гадоў стажу, адзін з самых дасведчаных спецыялістаў у службе рамонту, то ў «ход пайшлі» тыя самыя недаседжаныя суткі. 8 лютага яго выклікалі ў РАУС, адтуль змясцілі ў ізалятар, дзе ён адседзеў астатнія 11 сутак.

Пасля выхаду з ІЧУ Андрэй збіраўся ў адпачынак, які быў загадзя ўзгоднены з кіраўніцтвам, але замест яго атрымаў распараджэнне на звальненне.

– У маіх майстроў шок, калегі таксама не разумеюць, што адбываецца, – расказвае Андрэй. – Затое калі прыйшоў падпісваць абыходны, кіраўнік кадраў і вачэй не падняў.

– Думаеце, яму сорамна?

– Ды які там сорам! Яны так за месца сваё калоцяцца, што забыліся, што такое і сорам, і сумленне.

– І што цяпер?

– А цяпер жыццё толькі пачынаецца! У планах скончыць рамонт, адпачыць. Я, паверце, не прападу. А вось як яны там без слесара такога разраду будуць спраўляцца, хацеў бы паглядзець! Ну, гэта ўжо іх праблемы.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках