«Амаль за год медыкам не выплачаныя велізарныя сумы»
9- 21.03.2021, 17:38
- 7,866
Як беларускіх лекараў пакідаюць без заслужаных грошай.
Telegram-канал «Белыя халаты» пісаў, што медыкі з Ліды не атрымліваюць 100% надбавак за кавід. Выяўляецца, гэтая практыка стала вельмі распаўсюджанай:
- Паўтару: у шпіталі нікому не выплачваецца 100% кавідная надбаўка пры ўмове, калі больш за 1/3 гадзін прыпадае на працу з кавіднымі пацыентамі. У іншых лякарнях плацяць, прынамсі, плацілі. У Лідскай ЦРБ спасылаюцца нібыта на «эпізадычную працу».
Але ў законе не прапісана, што такое эпізадычная праца і правіла 1/3 гадзін акурат і належыць да эпізадычнай працы, інакш губляецца ўся сутнасць гэтай даплаты.
Пры асабістай размове па сакрэце адным з адміністратараў было сказана, што гэта асабісты загад галоўнага лекара Трубчыка - не плаціць гэтую надбаўку для эканоміі сродкаў.
Таксама ў шпіталі адмаўляюцца аплачваць кавідныя надбаўкі пры наданні дапамогі нерэканвалесцэнтным пацыентам (хто завіс на 21 дзень і больш) у «чырвонай» зоне, нібыта яны «не заразныя» і аплата за іх не належыць. Ні ў адным з дакументаў Міністэрства аховы здароўя аб гэтым няма ні слова.
Прыклад: выклікаюць хірурга на кансультацыю ў кавідную рэанімацыю. У пацыента ПЛР бралі 22 дні таму. Ён уважаецца нібыта ўжо за «не заразнага» і таму аплата за гэтую кансультацыю не належыць. І пляваць, што медык ідзе ў брудную зону, апранае СІА, ідзе ў палату, дзе, акрамя пацыента, якога трэба пракансультаваць, ляжаць іншыя кавідныя пацыенты...
Напраўду аплата павінна быць.
У выніку за амаль год медыкам не выплачаныя велізарныя сумы. А за зэканомленыя грошы да канца года адміністрацыя сама сабе велізарныя прэміі прызначыла. У кагосьці паменела, у кагосьці прыбыло. Закон захавання грашовых мас.