26 красавiка 2024, Пятніца, 19:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Удар па Драздах

18
Удар па Драздах

Беларусы стварылі сваю, непадкантрольную ўладзе, прастору.

Высветлілася, што скідаць бомбы на Рым, Берлін, Лондан ці Вашынгтон нельга: ва ўсіх там альбо дзеці навучаюцца, альбо сваякі жывуць, альбо бізнес. І тады ўзнікла ідэя «бамбіць Варонеж», паколькі там у расійскіх чыноўнікаў ніякіх інтарэсаў няма. А азначае гэты выраз — "адказваць на знешнія выклікі так, каб нанесці шкоду ўласнаму народу".

Вось і Уладзімір Макей, калі казаў пра заходнія санкцыі, заявіў: «Любое далейшае ўзмацненне жорсткасці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасць перастане існаваць. І гэта, я лічу, будзе абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сітуацыі». То-бок, практычна адкрытым тэкстам заявіў: у адказ на заходнія санкцыі ўлады будуць узмацняць рэпрэсіі і тэрарызаваць уласны народ.

Такім чынам, Макей збіраецца «бамбіць Валожын» і распісваецца ва ўласнай прафнепрыдатнасці — бяссіллі ўрэгуляваць канфлікт дыпламатычным спосабам.

Ці варта Макею нагадваць, што санкцыі ўзніклі не проста так, а ў адказ на бязмежжа сілавікоў, неймаверны ціск на незалежную прэсу, польскую меншасць, поўнае зневажанне правоў чалавека і больш чым 350 палітвязняў у Беларусі? Думаю, не. Ён чалавек недурны, што пацвярджаецца яго папярэдняй дыпламатычнай кар’ерай, і сам усё разумее. Але ён не зразумеў — як, увогуле, і ўся ўлада, — толькі аднаго. Таго, што «бамбіць Валожын» ужо не мае сэнсу.

Яшчэ адзін анекдот — з часоў СССР. Калі ў Палітбюро абмяркоўвалі, чаму ў краіне не хапае мяса, адзін з чыноўнікаў сказаў: «Мы ідзём да камунізму сямімільнымі крокамі. Худоба за намі не паспявае». Макей зноў не паспеў за развіццём грамадства ў Беларусі. Бо ён усё яшчэ ўспрымае «грамадзянскую супольнасць» як «трэці сектар» — няўрадавыя арганізацыі, якія займаюцца пытаннямі па інтарэсах.

Гэтую сетку яшчэ можна разбамбіць. Можна арыштаваць Таццяну Гацура-Яворскую — кіраўніка ініцыятывы «Звяно», можна дапытваць чальцоў незарэгістраванага праваабарончага цэнтра «Вясна», можна пазачыняць культурныя прасторы і хабы, можна не даваць гастрольныя пасведчанні на канцэртную дзейнасць. Можна паспрабаваць звесці жыццё ў Беларусі выключна да суботнікаў і «Славянскага базара». Гэта сапраўды будзе ўдар па «трэцім сектары» — але ўжо не па грамадзянскай супольнасці.

Грамадзянская супольнасць цяпер іншая. Грамадзянская супольнасць — гэта дваровыя чаты і ТГ-каналы, узаемадапамога, раённыя маршы і вулічныя канцэрты. Гэта «партызаншчына» — упрыгожванне сваіх раёнаў стужкамі, налепкамі, сцягамі і плакатамі. Гэта «самвыдат», лекцыі ў ZOOM і творчыя каналы ў YouTube. Гэта стварэнне сваёй, непадкантрольнай уладзе прасторы, гэта «Плошча Перамен», «Плошча Марыі Калеснікавай», Каскад і Новая Баравая, дваровыя чаяванні і супольныя святы. І, вядома ж, салідарнасць.

Адзін з прыкладаў «бамбёжкі Валожына» ўжо ў наяўнасці. Улады Беларусі прынялі ў першым чытанні папраўкі да Працоўнага кодэкса, дзе прапісваецца права наймальніка звальняць работнікаў за адміністрацыйныя арышты і заклікі да страйкаў. У адказ на гэта Міжнародная арганізацыя працы (МАП) пачала працэдуру «неадкладнага ўмяшання», якая запускаецца ў надзвычайных абставінах для экстранай рэакцыі на сітуацыю з правамі працоўных.

Здавалася б, што ўладам МАП і іншыя прафсаюзы? Але справа ў тым, што МАП — гэта не прафсаюз, як памылкова прынята лічыць. МАП — гэта спецыялізаваная ўстанова ААН, якая займаецца пытаннямі рэгулявання працоўных адносін.

Цяпер Святлана Ціханоўская праз дзяржавы — непастаянныя чальцы Савета Бяспекі ААН ініцыюе чарговыя слуханні па Беларусі ў тым самым Савеце Бяспекі ААН. Калі да яе далучыцца структура самога ААН — МАП, гэтыя слуханні могуць мець непрыемныя наступствы для беларускай улады. Такім чынам, імкнучыся «разбамбіць Валожын», улады нанеслі ўдар па Драздах.

Улады Беларусі спынілі вяшчанне тэлеканала «Euronews» нібыта «з-за заканчэння тэрміну дзеяння раней выдадзенага дазволу на распаўсюд на тэрыторыі Беларусі». А таксама, зноў па новых правілах, заблакавалі сайт naviny.online — «люстэрка» заблакаванай у жніўні 2020 года інтэрнэт-газеты інфармацыйнай кампаніі БелаПАН «Беларускія навіны». Можа, у кабінетах Мінінфармацыі думаюць, што гэта застанецца без увагі міжнароднай журналісцкай супольнасці?

Зрэшты, і тут не ў міжнароднай рэакцыі справа. Знішчаючы незалежную прэсу, кіруючыя структуры застаюцца сам-насам з уласнай прапагандай, якая не дае рэальнай карціны свету, а значыць, звужае магчымасць прыняцця адэкватных рашэнняў. У гэтым выпадку «бамбёжка Валожына» зноў прыводзіць да страт улады — не толькі іміджавых, на імідж там даўно наплявалі. Але і да рэальнай немагчымасці прыняцця адэкватных рашэнняў. А значыць, нам зноў варта чакаць крокаў кшталту каманды: «Інфляцыя, стой, раз-два!»

І напрыканцы — парадаксальная, але паказальная навіна са свету спорту. Брэсцкая футбольная каманда «Рух» правяла трынічыйныя матчы запар. Каб пераламаць сітуацыю, гульцоў адправілі... у адзін з калгасаў Пінскага раёна, прыбіраць камяні з поля. У наступным матчы «Рух» абыграў «Іслач» — 1:0.

Цікава, ці адчулі футбалісты «Руха» сябе ў Паўночнай Карэі? Калі не, варта звазіць іх на збор камянёў яшчэ пару разоў. А вось ці задумаўся хто-небудзь з прафесіяналаў нагамяча, што такі выезд — гэта прамое следства іх маўчання ў жніўні 2020-га і выказванняў, што іх справа — не палітыка, а футбол?

Калі нехта яшчэ кажа: «Я ў палітыку не лезу», — паглядзіце на брэсцкі футбольны клуб. Неўзабаве збіраць камяні на палях Беларусі давядзецца і ім. І гэта не фігуральна.

СЯРГЕЙ САЛАЎЁЎ, НОВЫ ЧАС

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках