26 красавiка 2024, Пятніца, 4:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрт: Рэжым адрэзалі ад замежнага фінансавання

21
Экспэрт: Рэжым адрэзалі ад замежнага фінансавання

Плынь замежных інвестыцый у Беларусь ужо спыненая.

ЗША аднавілі санкцый супраць "Белнафтахіму" і яшчэ васьмі беларускіх дзяржпрадпрыемстваў. Наколькі моцна гэтыя санкцыі ўдараць па рэжыме? Сайт Charter97.org пагаварыў з экспэрткай у энергетычнай сферы Таццянай Манёнак.

- Раней санкцыі азначалі праблемы з разлікамі ў далярах. Прадпрыемствы, якія трапілі пад гэтыя штрафныя меры, спрабавалі адысці ад разлікаў у амерыканскай валюце і перайсці ў еўра. Я так мяркую, што ў гэтай сітуацыі гэтая тактыка захаваецца, калі не будуць зроблены нейкія санкцыі ад ЕЗ. Магчымасці для продажу беларускай прадукцыі стануць больш складанымі. Натуральна, ускладняцца праблемы з закупкай імпартных дэталяў і абсталявання для далейшай мадэрнізацыі.

Для таго, каб гаварыць больш канкрэтна, трэба ведаць, наколькі зменіцца сам статус санкцый. Учора дырэктар даследчага цэнтра ІПМ казаў, што ключавы момант санкцый - іміджавы эфэкт. Сёння свет змяніўся, шматлікія кампаніі будуць проста цурацца працаваць з прадпрыемствамі, якія трапілі пад гэтыя абмежаванні. Гэта сапраўды сур'ёзная праблема, якая ўжо існуе. Санкцыі з боку Еўразвязу перацялі доступ да замежнага фінансавання і інвестыцый у Беларусь. Плынь замежных інвестыцый ужо дэ-факта спыненая.

- Наколькі адчувальна такога кшталту санкцыі могуць ударыць па ўсёй беларускай эканоміцы? Чым яны адрозніваюцца ад папярэдніх абмежаванняў, уведзеных ЗША?

- Раней экспэрты казалі пра тое, што фактычна пад санкцыямі можа апынуцца кожнае прадпрыемства, якое супрацоўнічае з кампаніямі з санкцыйнага спісу. Калі гэты статус будзе пашыраны, то пэўныя праблемы будуць.

Многія заводы працягваюць мадэрнізацыю, яны зацікаўлены ў імпарце сучаснага абсталявання, тэхналогій, якія ёсць сёння на Захадзе. Прыцягненне новых тэхналогій будзе вельмі адчувальнай праблемай. Асабліва, калі стратэгія развіцця «Нафтана» да 2030 года прадугледжвае сыход у нафтахімію, а для гэтага трэба будзе закупіць замежныя тэхналогіі, бо айчынных сёння няма. Гэта будзе складаная задача для таго ж «Нафтана» і прадпрыемстваў у нафтахімічнай прамысловасці, якія плануюць праекты мадэрнізацыі і пераабсталявання, каб адаптавацца да новых выклікаў на сусветным рынку.

- Экспэрты адзначаюць, што беларускім прадпрыемствам спыняць магчымасць правядзення плацяжоў у далярах ЗША. Як моцна гэта адаб'ецца на экспарце і канкурэнтаздольнасці нашай прадукцыі?

- Безумоўна, сёння разлікі нафтапрадуктаў у далярах. Гэта адаб'ецца на канкурэнтаздольнасці. Магчыма, санкцыі вымусяць прадпрыемствы знізіць аб'ёмы экспарту, больш прадаваць на ўнутраным рынку. Быў пэўны перыяд, калі прадпрыемствы прадавалі сваю прадукцыю на расейскім рынку, у тым ліку і нафтапрадукты. Не выключана, што ў гэтай сітуацыі пастаўкі могуць вырасці на расейскі рынак, хоць там таксама ёсць праблемы.

Усё залежыць ад эфекту санкцый, наколькі іх пашыраць, ці падтрымаюць гэтую кампанію іншыя краіны. Ад гэтага будуць залежаць страты, якія панясе беларуская эканоміка.

- Многія экспэрты адзначаюць, што нават абвяшчэнне аб такога кшталту санкцыях пераводзіць эканоміку ў разрад «таксічнай». Ці можна сказаць, што санкцыі ЗША працуюць, нават не ўвайшоўшы ў дзеянне?

- Я б так яшчэ не сказала, трэба сачыць за сітуацыяй. Але ёсць ужо і еўрапейскі пакет санкцый. Ён ужо працуе ў плане таго, што Беларусь ужо апынулася адрэзаная ад замежнага фінансавання, перш за ўсё замежных інвестыцый.

Калі мы гаворым аб стварэнні негатыўнага іміджу беларускай эканомікі для патэнцыйных інвестараў, то безумоўна, чыннік «таксічнасці» дзейнічае, але гэта не толькі самі санкцыі, а ў цэлым нестабільная палітычная сітуацыя, макраэканамічная нявызначанасць, недавер да прававой сістэмы. Пагаршэнне іміджу інвестыцыйнага фону ўжо працуе, яшчэ з моманту ўвядзення еўрапейскіх санкцый.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках