26 красавiка 2024, Пятніца, 11:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі лес масава высякаюць на экспарт?

20
У Беларусі лес масава высякаюць на экспарт?
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Гэта адбываецца на фоне падаражання піламатэрыялаў удвая на ўнутраным рынку.

Апошнім часам у розных тэлеграм-каналах стала актыўна абмяркоўвацца тэма экспарту беларускага лесу: маўляў, «лес масава сякуць на пялеты», «высечка ідзе апераджальнымі тэмпамі». І адбываецца гэта на фоне падаражання піламатэрыялаў удвая на ўнутраным рынку, што само па сабе з'яўляецца раздражняльным фактарам для людзей. Нашы чытачы з розных рэгіёнаў краіны таксама сталі заўважаць, што маштабы высечкі значна выраслі менавіта сёлета, піша tut.by. Што адбываецца і як на «размовы ў сеціве» адрэагавала Міністэрства лясной гаспадаркі?

«Усе рубкі - планавыя»

Агульны сэнс паведамленняў ад нашых чытачоў: лес сталі нарыхтоўваць раней не бачаныя тэмпамі, ідзе масавая высечка. Многія звярнулі ўвагу на вялікія склады нарыхтаванай драўніны на ўездах у лес, на вялікія плошчы высечак. Пры гэтым у краіне піламатэрыял падаражэў удвая. Многія звязваюць гэта з тым, што прадпрыемствы лесапрамысловага комплексу ўсе сілы кінулі на зараблянне валюты: на лес цяпер вялікі попыт ва ўсім свеце, цэны растуць. Такім чынам, трэба больш аператыўна прапаноўваць сваю прадукцыю. Лагічна выказаць здагадку, што павялічыліся і тэмпы, і аб'ёмы лесанарыхтовак.

Нядаўна ў эфіры «Белсата» паказалі сюжэт, у якім гаворыцца, што лес у Барысаўскім раёне «бязлітасна» высякаецца. На кадрах мы бачым складзеныя ў штабелі бярвёны каля дарогі і высечаныя дзялянкі.

Міністэрства лясной гаспадаркі ў сваім тэлеграм-канале адрэагавала на сюжэт. У ім гаворыцца пра месца, дзе ён здымаўся: «Гаворка ідзе пра Глівінскае лясніцтва Барысаўскага раёна, гэта прыкладна 20 кіламетраў ад горада».

Мінлясгас запэўнівае, што «рубка там была галоўнага карыстання, то бок, прыбіралі «ўраджай» саспелай і старой драўніны». Акрамя таго, у паведамленні гаворыцца, што «ні ў Барысаўскім, ні ў якім-небудзь іншым раёне ніхто нічога «бязлітасна» не высякае. Усе рубкі - планавыя, не больш за тое».

У афіцыйным адказе Мінлясгаса нашаму парталу ад 12 красавіка 2021 года таксама гаворыцца, што лесагаспадарчыя ўстановы «дастаюць» з лесу максімальна магчымы рэсурс, выконваючы пры гэтым прынцып не спусташэння лесакарыстання. «Аб'ёмы высечак вызначаюцца зыходзячы з рацыянальнага падыходу і ў адпаведнасці з лесаўпарадкавальнымі праектамі. Пры гэтым усё, што нарыхтоўваецца, выстаўляецца на рэалізацыю».

У тэлеграм-канале, назву якога нельга прамаўляць, згадвалася вёска Літвяны Уздзенскага раёна - каля яе заўважаная вялікая высечка. Вось якое тлумачэнне атрымаў рэсурс mlyn.by ад інжынера ў ахове лесу Негарэльскага вучэбна-вопытнага лясгаса Уздзенскага раёна Алега Хмеля:

- Нічога звыш нормы не спілоўваюць, я вас запэўніваю. Лесу ў вёсцы Літвянах больш за 110 гадоў. На сёння ў адпаведнасці з планам высякаюцца лясы ўзростам ад 101 года і старэйшыя. Паводле тэхналогіі вырабляецца паласа - паступовая рубка кожныя 25 метраў. Гэта робіцца для таго, каб дрэвы распускаліся, на іглічных пародах утвараліся гузы.

Гэта значыць, зыходзячы з гэтых афіцыйных звестак можна зрабіць выснову, што аб'ёмы высечак у краіне не павялічыліся.

А што з экспартам?

Тое, што цяпер для экспарцёраў лесапрадукцыі - «залаты» час, ні для кога не сакрэт.

Так, паводле інфармацыі прэс-службы Беларускай універсальнай таварнай біржы (БУТБ) вядучымі экспарцёрамі сталі прадпрыемствы лесапрамысловага комплексу - на долю лесапрадукцыі прыпала 67% ад агульнага аб'ёму экспарту ў першым квартале. Цяпер на замежныя рынкі ў асноўным пастаўляюцца піламатэрыялы, аднак з улікам папулярнасці «зялёнай энэргетыкі» ў краінах Еўропы чакаецца таксама рост попыту і на беларускія паліўныя гранулы.

Згодна з інфармацыяй УП «Беллесэкспарт» (спецэкспарцёра Міністэрства лясной гаспадаркі), першыя тры месяцы 2021 года продажы піламатэрыялаў прадпрыемствамі Мінлясгаса паказалі, што попыт на гэтую прадукцыю застаецца такім жа высокім, як было і цягам мінулага года. Толькі кошт піламатэрыялаў значна павысіўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года - у 1,5 разы. Па аб'ёме ў першым квартале 2021 года было адгружана на экспарт блізу 191 тысячы куб. м - практычна такі ж аб'ём, як і летась. Аднак за гэта атрымана на 20% больш валютнага прыбытку.

Асноўнымі пакупнікамі пілапрадукцыі сталі Латвія, Нямеччына, Літва і Польшча. Актывізавалі закупы ў Беларусі Вялікая Брытанія і Кітай. Напрыклад, у Кітай за першыя тры месяцы адгрузілі ў 1,5 разы больш матэрыялаў у параўнанні з мінулым годам.

Найбліжэйшым часам мы пастараемся даведацца, ці існуе гадавы план нарыхтоўкі драўніны і ці можна высякаць лес звыш плана пры росце попыту на замежным рынку.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках