25 красавiка 2024, Чацвер, 18:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь, Украіна, клімат, COVID: галоўныя заявы саміту G7

Беларусь, Украіна, клімат, COVID: галоўныя заявы саміту G7

Падаем тэзісы з фінальнага камюніке лідараў «Вялікай сямёркі».

Лідары Брытаніі, ЗША, Нямеччыны, Францыі, Японіі, Канады, Італіі і ЕЗ закончылі саміт "Вялікай сямёркі" (G7) 2021 у брытанскім Карнуоле. У сваім фінальным камюніке кіраўнікі дзяржаў G7 закранулі шэраг пытанняў, не абмінулі і сітуацыю ў Беларусі.

Галоўныя тэзісы з фінальнага камюніке лідараў "Вялікай сямёркі" - у матэрыяле РБК.

Барацьба з пандэміяй COVID-19

Лідары краін G7 паабяцалі распаўсюдзіць блізу 870 млн доз вакцын ад каранавіруса на працягу 2022 года. Большую частку з гэтай колькасці разлічваюць размеркаваць паміж краінамі, якія маюць патрэбу, яшчэ да канца 2021 года. Распаўсюдзіць вакцыны паміж краінамі, якія маюць патрэбу, плануюць праз глабальны механізм COVAX.

Таксама лідары G7 заклікалі правесці празрыстае і эфектыўнае расследаванне паходжання каранавіруса Sars-Cov-2, які выклікае захворванне COVID-19. Расследаванне павінна праводзіцца пад кіраўніцтвам Сусветнай арганізацыі здароўя.

Супрацьдзеянне Кітаю і Расеі

"Вялікая сямёрка" у сваім фінальным камюніке заклікала Расею спыніць свае дзеянні, накіраваныя на дэстабілізацыю сітуацыі ў свеце, а таксама не ўмешвацца ў дэмакратычныя працэсы ў іншых дзяржавах свету. У той жа час лідары G7 выказалі жаданне мець стабільныя і прадказальныя стасункі з Расеяй.

Кітай лідары "Вялікай сямёркі" заклікалі паважаць правы чалавека і асноўныя свабоды. G7 заклікала кітайскія ўлады падтрымліваць мір і стабільнасць у Тайваньскай затоцы, а таксама выказалі ўстурбаванасць сітуацыяй у Паўднёва-Кітайскім і Усходне-Кітайскім морах.

Вайна ва Украіне

G7 заявіла, што прызнае Расею стараной канфлікту ва Украіне, а таксама падтрымала працяг перамоўнага працэсу ў нармандскім фармаце для выканання менскіх дамоўленасцяў.

Лідары G7 таксама адрэагавалі на ўзмацненне расейскай вайсковай прысутнасці паблізу ўкраінскай мяжы, паклікаўшы Маскву забраць свае войскі з усходу Украіны і Крыма.

Катастрофа МАУ ў Іране

Лідары "Вялікай сямёркі" падтрымалі намаганні, накіраваныя на забеспячэнне празрыстасці, падсправаздачнасці і справядлівасці ў дачыненні да ахвяр катастрофы самалёта МАУ блізу Тэгерана. G7 выказала глыбокую ўстурбаванасць тым, што Іран працягвае злоўжываць і парушаць правы чалавека.

Сітуацыя ў Беларусі

Як гаворыцца ў тэксце камюніке, G7 устурбаваная пераследам апазіцыі і пратэстоўцаў у Беларусі, а таксама нядаўняй пасадкай самалёта Ryanair у Менску з мэтай затрымання журналіста Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі.

Лідары G7 паабяцалі супрацоўнічаць для прыцягнення беларускага рэжыму да адказнасці, шляхам увядзення санкцый. У той жа час "Вялікая сямёрка" заклікала Менск змяніць свой курс і правесці новыя свабодныя і празрыстыя выбары.

Барацьба са зменамі клімату

"Вялікая сямёрка" дамовілася павялічыць свае ўнёскі на фінансаванне захавання клімату. Краіны таксама абавязаліся штогод збіраць 100 мільярдаў даляраў, каб дапамагчы бедным краінам пераадольваць наступствы кліматычных зменаў.

Акрамя таго, на саміце было дамоўлена аб паскарэнні пераходу на транспартныя сродкі з нулявым узроўнем выкідаў у атмасферу, адмовіўшыся ад аўтамабіляў на дызельных і бензінавых рухавіках. Гэта таксама павінна дапамагчы ў захаванні клімату.

Справядлівая падатковая сістэма

Краіны G7 прызналі, што свету патрэбная справядлівая падатковая сістэма. "Вялікая сямёрка" дамовілася працягнуць абмеркаванне для дасягнення кансенсусу што да глабальнай дамоўленасці аб справядлівым размеркаванні падатковых правоў і амбіцыйнага глабальнага мінімальнага падатку сумай не менш за 15% для кожнай краіны.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках