24 красавiка 2024, Серада, 18:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пра што гаварылі Байдэн і Пуцін у Жэневе

14
Пра што гаварылі Байдэн і Пуцін у Жэневе

Галоўныя тэмы: Беларусь, Украіна, Навальны і дачыненні паміж краінамі.

Сустрэча прэзідэнтаў ЗША і Расеі Джо Байдэна і Уладзіміра Пуціна адбылася ў швейцарскай Жэневе. Саміт двух лідараў працягваўся больш за тры гадзіны.

Сустрэча Байдэна і Пуціна праходзіла на віле Ла Гранж і пачалася з поціску рукі. Першым прыбыў расейскі лідар, затым - прэзідэнт ЗША. Сустракаў іх прэзідэнт Швейцарыі.

Перамовы Байдэна і Пуціна ў вузкім фармаце працягваліся амаль дзве гадзіны, затым саміт прадоўжыўся ў пашыраным фармаце. Абодва лідары выступілі перад журналістамі з выніковымі заявамі пра вынікі саміту.

Пуцін выйшаў да журналістаў першым і, коратка акрэсліў асноўныя тэмы саміту ЗША і РФ, адразу перайшоўшы да пытанняў прэсы. Другім перад журналістамі выступіў Джо Байдэн.

Пра Беларусь

Байдэн

На сустрэчы абмяркоўвалася сітуацыя ў Беларусі, пра што Пуцін не згадаў на прэс-канферэнцыі.

«Я выклаў расейскаму прэзідэнту амерыканскае бачанне сітуацыі ў Беларусі. Пуцін не запярэчыў, ён проста спытаў: «Што мы можам зрабіць?» - сказаў Байдэн.

Пра Украіну

Пуцін

Пуцін пацвердзіў журналістам, што тэма Украіны абмяркоўвалася, але, з ягоных слоў, не падрабязна.

«Наколькі я зразумеў прэзідэнта Байдэна, ён згодны з тым, што ў аснове ўрэгулявання на паўднёвым усходзе Украіны павінны ляжаць менскія пагадненні», - сказаў ён, дадаўшы, што ў Расеі толькі адно абавязанне што да Украіны - спрыяць рэалізацыі «Менска».

Таксама ён адзначыў, што тэма ўступлення Украіны ў NATO «закраналася мімаходзь» і «тут няма чаго абмяркоўваць».

Пад канец прэс-брыфінгу, Пуцін зноў успомніў пра Украіну. І гэтым разам у кантэксце палітыкі Захаду. Прэзідэнт РФ чарговым разам заявіў пра «дзяржаўны пераварот» ва Украіне ў 2014 годзе і ўспомніў пра экс-прэзідэнта Віктара Януковіча, які «быў гатовы адмовіцца ад улады».

Байдэн

Байдэн таксама пацвердзіў, што на саміце абмяркоўвалася сітуацыя ва Украіне. З ягоных слоў, ён заявіў пра падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Таксама на сустрэчы абмяркоўвалася рэалізацыя менскіх пагадненняў. Са слоў Байдэна, Пуцін не спрачаўся, але разыходжанні былі.

Пра Навальнага

Пуцін

Кажучы пра расейскага апазіцыянера Аляксея Навальнага, Пуцін заявіў, што ён (Навальны) «ведаў, што парушае закон і свядома ішоў на тое, каб быць затрыманым». Пры гэтым, Пуцін адзначыў, што гэтая тэма была паднятая на саміце на ініцыятыву Байдэна.

Байдэн

Байдэн заявіў, што калі Навальны памрэ ў расейскай турме, «наступствы гэтага будуць разбуральныя для Расеі». Ён таксама акцэнтаваў на тым, што заўсёды будзе казаць пра правы чалавека.

Пра дачыненні паміж краінамі

Пуцін

Пуцін заявіў, што не атрымаў ад Байдэна запрашэння наведаць Белы дом. Пры гэтым ён дадаў, што і сам не запрашаў прэзідэнта ЗША ў Расею. Акрамя таго, на прэс-канферэнцыі журналісты ўспомнілі інтэрв'ю Байдэна, у якім ён назваў Пуціна забойцам. Прэзідэнт РФ, каментуючы гэтае адзначыў, што пасля інтэрв'ю Байдэн яму тэлефанаваў і яны тлумачыліся.

Сустрэчу з Байдэнам Пуцін назваў выніковай, прадметнай, канкрэтнай, а асноўнымі тэмамі, якія былі закрануты былі: стратэгічная стабільнасць, гандлёвыя дачыненні, рэгіянальная бяспека і кібербяспека.

Пад час сустрэчы, лідары дамовіліся аб вяртанні амбасадараў у краіны. А кажучы пра «чырвоныя лініі» Пуцін адзначыў, што да таго, каб «падрабязна расстаўляць акцэнты і нешта дзяліць не дайшлі».

Байдэн

Падчас гутаркі са СМІ Байдэн, некалькі разоў паўтарыў, што падчас перамоў бакі не агучвалі нейкія канкрэтныя пагрозы. Акрамя таго, Байдэн адзначыў, што заўсёды лепш сустрэцца тварам да твару. Акрамя таго, журналісты спыталі ў прэзідэнта ЗША, чаму час саміту склаў усяго тры гадзіны, а не 4-5, як меркавалася. Байдэн на гэта адказаў, што перспектыва паляпшэння дачыненняў паміж краінамі ёсць, але ўсё адразу не вырашыцца і «трэба паглядзець 3-6 месяцаў, ці падышлі мы да новых стратэгічных перамоў».

Запыталіся ў Байдэна і пра «Пуціна забойцу». Прэзідэнт ЗША заявіў, што сказаў Пуціну, што больш не будзе ўздымаць гэтае пытанне.

Акрамя таго, Байдэн заявіў, што абмяркоўвалася тэма кібербяспекі і ён перадаў Пуціну спіс з 16 сфер крытычнай інфраструктуры, якія не падлягаюць кібератакам, ад энэргетыкі, да сістэм водазабеспячэння.

Сумесная заява

Падчас прэс-канферэнцыі Пуціна з'явілася сумесная заява лідараў ЗША і Расеі ў стратэгічнай стабільнасці. У гэтай заяве, між іншым, гаворыцца пра тое, што «ў ядзернай вайне не можа быць пераможцаў і яна ніколі не павінна быць развязаная».

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках