Працаўнікі ткацкай фабрыкі БВБА ў шоку ад абутку, які ім выдалі на прадпрыемстве
22- 29.06.2021, 21:02
- 29,430
Фотафакт.
Са скаргамі на цесны і нязручны спецабутак, у якім «летам у спякоту працаваць стала проста невыносна», у рэдакцыю Intex-press звярнулася адна з работніц ткацкай фабрыкі БВБА. На прадпрыемстве паабяцалі вырашыць праблему.
Тэхніка бяспекі абавязвае ткачоў знаходзіцца на працоўным месцы ў спецыяльным адзенні і абутку. Але ніякага дыскамфорту з гэтай нагоды работнікі БВБА не адчувалі, пакуль у лютым сёлета замест звыклых лёгкіх пантофляў з тканіны ім сталі выдаваць «вельмі нязручныя чаравікі», якія, да таго ж, не ўсім былі якраз.

- Самы вялікі памер, які нам прапаноўвалі, быў 41-шы. Але выявілася, што абутак меншы. І ў тых, хто носіць 39-ты памер, нага ў гэты 41-ы не заходзіць нават напалову! - распавяла адна з работніц.
Са слоў ткачоў, калі зімой і вясной працаваць у новым абутку было яшчэ цярпіма, то з надыходам спякоты стала проста немагчыма.
- Раней мы насілі лёгкі «тканкавы» абутак з адкрытым носам і пяткай, у якой у спякотнае надвор'е было камфортна нават у шкарпэтках, - адзначыла жанчына. - Але ў гэтым абутку летам у спякоту працаваць проста немагчыма, хоць адміністрацыя і кажа, што спецабутак выраблены з натуральнай скуры.

Са слоў работніцы, некаторыя ткачыхі звярталіся да кіраўніцтва са скаргамі, але ім адказалі, што «раз такі абутак увялі - значыць, яго трэба насіць».
Што кажа кіраўніцтва?
У аддзеле аховы працы БВБА, куды Intex-press звярнулася па каментар, пацвердзілі, што праблема існуе.
- Раней нашым супрацоўнікам сапраўды выдавалі іншы спецабутак. Але калі некалькі гадоў таму на адным з беларускіх прадпрыемстваў адбыўся няшчасны выпадак і жанчына пашкодзіла сабе нагу, былі ўнесены больш жорсткія патрабаванні па забеспячэнні работнікаў сродкамі індывідуальнай абароны, у тым ліку абуткам, - распавялі на прадпрыемстве.
Аднак, як паведамілі ў аддзеле аховы працы БВБА, пасля таго, як людзі сталі скардзіцца на нязручны абутак, прадпрыемства звярнулася ў Міністэрства працы з просьбай перагледзець існыя нормы.
- І нам прыйшла папера, што змены ў нормы па забеспячэнню СІА супрацоўнікаў будуць уносіцца, такім чынам, зручны прафілактычны абутак вернецца. Але пакуль гэтыя змены не прынятыя, мы вымушаны выдаваць тое, што прапісана ў нормах Мінпрацы, - адзначылі ў аддзеле. - Як толькі рашэнне прымуць, мы адразу ж выдадзім нашым супрацоўнікам больш зручны абутак.