Працаўнікам «БелАЗ» забаранілі выдаваць камерцыйную таямніцу
13- 11.08.2021, 21:00
- 22,196
Нават праз 5 гадоў пасля звальнення.
Сёння ў афіцыйнай групе кампаніі «БелАЗ» з'явілася інфармацыя аб забароне выдаваць камерцыйную таямніцу прадпрыемства не толькі падчас працы, але і праз 5 гадоў пасля звальнення. Юрыст тлумачыць, ці законна гэта і ці належыць да такіх звестак сума заробку, паведамляе onliner.by.
«Звесткі, якія складаюць камерцыйную таямніцу нашай кампаніі, забараняецца выдаваць і падаваць без пісьмовай згоды генеральнага дырэктара ААТ «БелАЗ», яго намеснікаў і памочнікаў, генеральнага канструктара - начальніка НТЦ імя А. М. Ягорава як у перыяд працоўных дачыненняў з ААТ «БелАЗ», так і на працягу 5 гадоў пасля іх заканчэння», - гаворыцца ў паведамленні.
Таксама кіраўніцтва паведаміла, што зацвердзіла пералік звестак, якія складаюць камерцыйную таямніцу. Яны закранаюць «арганізацыйна-кіраўнічую, вытворчую, планавую, фінансавую, камерцыйную і навукова-тэхнічную дзейнасць прадпрыемства».
Што з гэтай нагоды кажуць юрысты?
- Тэрмін невыдавання канфідэнцыйнай інфармацыі можа не абмяжоўвацца рамкамі працоўнага кантракту, а выходзіць за яго межы. У кагосьці гэта 5 гадоў, а ў кагосьці і ўсе 10, - тлумачыць юрыстка Святлана Семяніхіна. - Але трэба зрабіць агаворку, што працаўнік, які падпісвае пагадненне аб невыдаванні камерцыйнай таямніцы, павінен дакладна разумець, якія звесткі яму нельга выдаваць. Не можа быць камерцыйнай таямніцай агульнадаступная інфармацыя (напрыклад, якая ёсць на сайце кампаніі). Спрэчнае пытанне ў многіх выпадках - гэта сума заробку. Часта яго забараняюць выдаваць, але экспэрты працоўнага права кажуць, што гэтыя звесткі не могуць складаць камерцыйную таямніцу, толькі сістэма яго фармавання.