23 верасня 2026, Серада, 21:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Плошча лясных пажараў у Сібіры ідзе да абсалютнага рэкорду

5
Плошча лясных пажараў у Сібіры ідзе да абсалютнага рэкорду
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

На тэрыторыі, пройдзенай агнём, змесціцца ўся Грэцыя, чатыры Даніі ці палова ФРГ.

Плошча лясных пажараў у Сібіры працягвае павялічвацца і ідзе да таго, каб усталяваць абсалютны рэкорд за ўвесь час даступнай статыстыкі.

Паводле звестак Greenpeace Russia, з пачатку года да 10 жніўня плошча, пройдзеная агнём, дасягнула 16,451 млн га, або 164,5 тысячы квадратных кіламетраў, піша finanz.ru.

У попел ператварыліся лясныя масівы на тэрыторыі, якая магла б змясціць усю Грэцыю (131,9 тысячы кв км), чатыры Даніі (43 тысячы кв км) або палову ФРГ (357 тысяч кв км).

Толькі за мінулы дзень плошча пажараў павялічылася на 0,4 млн га, ахапіўшы прастору, роўную Маскве і Санкт-Пецярбургу разам узятым (0,26 і 0,14 млн га адпаведна).

Зонай бедства застаецца Якуція, дзе дзейнічаюць 323 пажары, самы буйны з якіх расцягнуўся на 1,3 млн га і практычна зраўняўся па плошчы з Калінінградскай вобласцю (1,5 млн га).

Рэзкае пагаршэнне сітуацыі прынёс жнівень, з пачатку якога зона пажараў, прызнаных немэтазгоднымі да тушэння, вырасла ў 2,5 разы, ахінуўшы з'едлівым дымам больш за тысячу населеных пунктаў і зрабіўшы Якуцію найбуйнейшай у свеце крыніцай выкідаў вуглякіслага і ўгарнага газу.

«2021 год ужо заняў другое месца з пачатку стагоддзя па агульнай плошчы, пройдзенай ляснымі пажарамі. Буйнейшыя пажары былі толькі ў 2012 годзе, але пры цяперашняй дынаміцы росту плошчаў і гэты рэкорд можа быць пабіты», - папярэджвае Greenpeace.

Дым сібірскіх пажараў, што расцягнуўся ад Манголіі да Паўночнага полюса, ахутаў імглой неба ў Якуцку, Новасібірску і Краснаярску, аэпорорт якога трэці дзень запар вымушаны затрымліваць і скасоўваць рэйсы - у сярэднім па 30 у дзень.

У асноўным праблемы ўзнікаюць раніцай, калі смог становіцца найбольш густым. А пад вечар усе рэйсы выконваюцца, паведаміў прадстаўнік прэс-службы аэрапорта Краснаярска Дзмітрый Тронін. Аналагічная сітуацыя ў Брацку і Іркуцку, дзе праз смог самалёты накіроўваюць у Чыту або Улан-Удэ, піша Taiga.info.

У Краснаярскім краі і Прыангар'і ў зону задымлення патрапілі амаль 1,4 тысячы населеных пунктаў. У Іркуцкай вобласці смог накрыў 713 паселішчаў тэрыторыі 20 раёнаў і дзевяці гарадскіх акругаў.

«У найбліжэйшыя дні задымленне захаваецца», - заявілі ў сераду ў ДУ МНС Краснаярскага краю.

«У цэлым сітуацыю мы трымаем пад кантролем», - сцвярджаў на нарадзе з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным губернатар Іркуцкай вобласці Ігар Кобзеў 7 жніўня. З тых часоў плошча ўзгаранняў у рэгіёне вырасла да 111 тысяч гектараў.

У Якуціі пажары пагражаюць чатыром населеным пунктам у Горным і Намскім раёнах - Фрунзе, Тастах, Кебекен і Улу-Сысы, паведаміў кіраўнік рэспублікі Айсен Нікалаеў.

У тушэнні задзейнічаны больш за 4 тысячы чалавек і 632 адзінкі тэхнікі, але сітуацыю ўскладняе моцны вецер, які за мінулыя выхадныя расцягнуў фронт агню больш чым на 40 км, распавёў Нікалаеў.

Большую частку, зрэшты, улады не тушаць - агонь бушуе ў так званых «зонах кантролю», дзе паводле дзейснага заканадаўства можна не змагацца з пажарамі праз эканамічную мэтазгоднасць.

Большасць пажараў гэтага года паўстала на высечках, прычым гаворка ідзе не пра «чорных лесарубаў», а пра звычайныя, легальныя лесанарыхтоўкі, піша Greenpeace.

«Лесанарыхтоўшчыкам больш выгадна спаліць рэшткі ссечанага лесу, чым чысціць лесасекі іншымі спосабамі ці перапрацоўваць гэтыя адходы, - уважаюць эколагі з валанцёрскага грамадскага аб'яднання «Людзі лесу». - Паляць з парушэннямі - у непадыходны час, не выконваючы правілы пажарнай бяспекі. Пажары часта сыходзяць з лесасек на вялізныя плошчы і потым гараць да восені».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках