Экспэрт: Лукашэнка сыдзе ў нядзелю
21- 3.08.2021, 14:32
- 125,422
Гэты дзень увойдзе ў гісторыю Беларусі.
Нядзеля 1 жніўня безумоўна ўвойдзе ў гісторыю спорту ў Беларусі (і не толькі спорту).
Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале піша доктар гістарычных навук Аляксандр Фрыдман.
Верны рэжыму «ўзорны атлет» Максім Недасека здабыў бронзавы медаль на Алімпійскіх гульнях, а ягонай калезе Крысціне Цманоўскай удалося выслізнуць з лап спартыўных чыноўнікаў-дылетантаў і прадухіліць ад'езд у Беларусь.
Медаль Недасекава безумоўна парадаваў сям'ю Лукашэнкі і яе прыхільнікаў, але застанецца (нягледзячы на ўсе патугі прапагандыстаў) малазначнай падзеяй, якую ў будучыні будуць успамінаць (калі наогул будуць) толькі ў кантэксце гісторыі Ціманоўскай. Сам Недасека зноў дыскрэдытаваў сябе, падтрымаўшы публічна акцыю супраць Ціманоўскай.
Пра Ціманоўскую сёння ўжо піша ўся сусветная прэса, а скандал толькі закручваецца: хоць лёгкаатлетка і не набыла спартыўных лаўраў у Токіё, але менавіта яна раптоўна стала адной з ключавых фігур Алімпійскіх гульняў у Токіё і самай вядомай беларускай спартоўкай на планеце. У вачах заходняй грамадскасці яна і зусім набыла культавы статус.
Беларускія прапагандысты любяць паўтараць, што спорт павінен заставацца па-за палітыкай. Але сённяшнія падзеі чарговым разам паказалі абсурднасць гэтых заяў. Спорту па-за палітыкай не бывае: якая палітыка, такі і спорт.
Апошні час Аляксандр Лукашэнка нядзелямі здзяйсняе фатальныя памылкі: так было 9 жніўня 2020, калі рэжым надумаў намаляваць Лукашэнку 80% галасоў, а потым брутальна здушыць пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў; так было 23 траўня 2021, калі ў Менску быў пасаджаны самалёт Ryanair з Раманам Пратасевічам на борце, які каштаваў Беларусі новых санкцый і міжнароднай ізаляцыі; так было і сёння, калі з пачуцця помсты надумалі тэрмінова вярнуць у Беларусь апальную Крысціну Ціманоўскую, паставіўшы пад пытанне далейшы ўдзел беларускай дэлегацыі ў Алімпіядзе. Не здзіўлюся, калі і панаванне Лукашэнкі скончыцца менавіта ў адную з нядзель.