Рэжым Лукашэнкі патрабаваў дэпартаваць футбаліста Шкурына з Расеі
11- 9.08.2021, 21:03
- 35,136
Каб пазбегнуць дэпартацыі, маскоўскі ЦСКА аддаў беларуса ў арэнду кіеўскаму «Дынама».
Украінскі журналіст Ігар Цыганык распавёў пра тое, як Ілля Шкурын апынуўся ў кіеўскім «Дынама», паведамляе «Трибуна».
«Шкурын зрабіў на мяне добрае ўражанне. У яго была досыць складаная сітуацыя ў ЦСКА. ЦСКА купіў гэтага футбаліста за 1,5 млн і на яго разлічвалі. Але заява Шкурына пра тое, што ён не падтрымлівае рэжым Лукашэнкі і што ён ніколі не будзе выступаць у складзе зборнай Беларусі, пакуль Лукашэнка будзе прэзідэнтам, прывяла да бурнай рэакцыі нашых усходніх суседзяў. Вельмі бурнай.
Я вам нават хачу сказаць, што нават беларуская ўлада патрабавала дэпартаваць гэтага футбаліста з Расеі, каб разабрацца з ім дома. Таму для Шкурына пераезд у Кіеў - гэта выхад з сітуацыі. Гэта такая не самая банальная гісторыя.
Думаю, што ў яго будзе матывацыя праявіць сябе ў «Дынама». Але такая пазіцыя маладога хлопца заслугоўвае павагі. Я так думаю, што яму было б несалодка ў Маскве. Так што Кіеў для яго - гэта выхад.
ЦСКА ледзь удалося адбіцца ад яго дэпартацыі і аддаць яго ў арэнду, каб футбаліст спакойна развіваўся», - сказаў Цыганык у эфіры Football Hub.