МУС Польшчы аб затрыманні беларуса: Менск выкарыстаў чырвоную ноту Інтэрпола ў палітычных мэтах
10- 13.09.2021, 21:38
- 15,140
Беларус ужо на волі.
Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыуш Каміньскі напісаў у Twitter, што затрыманне беларуса Макара Малахоўскага паліцыяй з'яўляецца вынікам палітычнага выкарыстання беларускім рэжымам так званай чырвонай ноты Інтэрпола. Затрыманне адбылося ў нядзелю, 12 верасня, у Пясечна на падставе міжнароднага ордэру на арышт, выдадзенага ўладамі ў Менску, паведамляе «Радио Польша».
Макар Малахоўскі ўжо на волі. Малахоўскі быў вызвалены дзякуючы ўмяшанню міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі і дэпутатаў апазіцыйнай «Грамадзянскай платформы» Роберта Тышкевіча і Міхала Шчэрбы.
Малахоўскі збег у Польшчу праз рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і знаходзіцца ў суседняй краіне на падставе гуманітарнай візы. Кіраўнік МУС падкрэслівае, што яшчэ ў ліпені ён звярнуўся ў Інтэрпол з просьбай аб унясенні змяненняў, закліканых спыніць выкарыстанне так званай чырвонай ноты ў палітычных мэтах такімі дзяржавамі, як Расея ці Беларусь.