18 траўня 2024, Субота, 18:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Пачкі сокаў выстаўленыя ў ладны шэраг, а за імі – пустэча»

17
«Пачкі сокаў выстаўленыя ў ладны шэраг, а за імі – пустэча»

Паліцы беларускіх крам пусцеюць.

Прадстаўнікі бізнэсу ўпэўненыя: "стрымліванне" цэн неўнікнёна прычыніцца да скарачэння асартыменту. І праз 30 гадоў пасля раскідання СССР у Беларусі зноў стане актуальны тэрмін "дэфіцыт", які закране ўсе чыста тавары - і бульбу, і аўтамабілі.

Tochka.by наважыла спраўдзіць, што цяпер з асартыментам тавараў масавага попыту ў крамах. Ішоў чацвёрты тыдзень з моманту прыняцця "цэнавай пастановы" ўрада.

У сацыяльных сетках з рэгулярнай перыядычнасцю з'яўляюцца навіны аб тым, што з паліц крам знікаюць то пральныя парашкі, то мяса, то чыпсы, то заморскія далікатэсы.

Зазірнулі ў "Еўраопт", "Green", "Віталюр", "Марцін", а таксама ў "Мілу" і "Выспу чысціні і густу".

У кожнай гандлёвай сетцы, калі ацэньваць візуальна, тавараў паменела. У аддзеле бытавой хіміі гіпэрмаркета "Green" на Каменнай горцы стала менш імпартных тавараў, напрыклад, пральных сродкаў. Паліцы запоўненыя аднастайным таварам, каб не было зеўраў. Але ўсё ж - выбраць ёсць з чаго.

Менш стала акцый. Даўней сетка адорвала пакупнікоў зніжкамі часцей. Цяпер на распродажах ёсць пральныя сродкі, газ-вада, кава, прысмакі, наборы для пікнікоў. Бонусныя праграмы працуюць.

З такімі найменнямі, як малочныя, мясныя, каўбасныя вырабы, - ніякіх пытанняў. Усяго стае, садавіны-гародніны - таксама. Толькі адных яблыкаў налічылі 8 пазіцый.

Выбар ёсць, а купіць няма чаго?

Да сеткі "Еўраопт" паспалітыя спажыўцы заўсёды былі крытычныя. Маўляў, выбар ёсць, а купіць няма чаго. І рэч не толькі ў цэнах. Такая вось аднастайная разнастайнасць. Пасля цэнавага рэгулявання, здаецца, праблема пагоршылася. Тых жа імпартных чыпсаў засталося "на два дні", а выбар беларускіх - так сабе.

Падобная сітуацыя і з напоямі: выбар збяднеў. Пачкі сокаў выстаўленыя ў ладны шэраг, а за імі - пустэча. Мяркуючы з усяго, ёсць пытанні з запасамі.

«Туга ідуць справы»

У сетцы «Марцін» месцам зеўраюць паліцы, няма газ-вады і сокаў. Дакладней - ёсць, але відавочна не столькі, колькі было даўней. Ёсць пытанні што да соусаў, пераважна імпартных. Ёмістасці для пакетаванага малака, смятаны і кефіру - пустыя.

Цікавімся ў пакупніка: "Гэта што, дэфіцыт?".

Са слоў мужчыны, краму «Марцін» ён любіць за больш дэмакратычныя цэны, але апошнім часам купляць тут стала няма чаго.

- Прасцей ужо да «Еўраопта» дайсці 500 мэтраў, там выбар большы. Відаць, тут туга ідуць справы, - мяркуе ён.

"Такая сітуацыя не назаўжды"

У крамах "Віталюр" таксама з асартыментам бязладдзе. Асабліва бедныя паліцы з малочнымі прадуктамі. Гэта значыць, купіць кожнае з найменняў можна, а вось з выбарам вытворцы - усё няпроста.

Дзіўна, але тое ж тычыцца і алкаголю. Прычым як моцных, так і слабаалкагольных напояў, піва ў тым жа спісе.

- Назаўжды так? - цікавімся ў супрацоўніцы інфацэнтра сеткі.

"Не, такая сітуацыя не назаўжды. Сапраўды, ёсць цяжкасці з асартыментам, але нашы спецыялісты шмат працуюць над тым, каб як мага хутчэй выправіць гэту праблему", - адзначыла дзяўчына на тым канцы дроту.

Ці звязана гэта наўпрост з апошнімі пастановамі ўлады што да цэн, супрацоўніца "Віталюру" адказала ўнікліва: "Цяжка нешта канкрэтна сказаць, але цяпер наша задача адна - хутчэй развязаць гэтыя пытанні".

Куды знік шампунь?

Характэрна, што цяжкасці з пастаўкай асобных тавараў назіраюцца і ў сетках, якія займаюцца пераважна продажам бытавой хіміі ды касметыкі.

Так, у адной з крам «Міла» спусцелі паліцы з імпартнымі шампунямі, дзесьці нястача імпартных сродкаў для ўкладвання валасоў.

У «Выспе чысціні і густу» ў шэрагу крам знік алкаголь і асобныя прадукты харчавання. Замест іх у адзін "празрысты" шэраг расстаўленая касметыка. Некуды знік і лак для валасоў ад асобных вытворцаў.

- Пакуль на асобныя тавары прыпыненыя пастаўкі. Чакаем паступленняў, - суха пракаментавалі сітуацыю прадстаўнікі гандлёвай сеткі.

Інтэрнэт-гандаль хібіць

Ёсць пытанні і з набыццём тавараў у інтэрнет-крамах. Так, на сайце emall.by сур'ёзна скарочаны асартымент прадуктаў харчавання.

Калі яшчэ месяц таму можна было запытаць беларускае малако ад розных вытворцаў, альбо аформіць дастаўку разнастайнай сырнай і мясной прадукцыі, то цяпер гэтыя раздзелы выглядаюць шчыра жаласна.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках