Расейскія марпехі, якія наступаюць на Вугледар, заявілі пра страту 300 чалавек за некалькі дзён
9- 6.11.2022, 21:44
- 24,168
Акупанты скардзяцца на камандаванне.
Вайсковы карэспандэнт УДТРК Аляксандр Сладкоў паведамляе ў сваім Telegram-канале пра цяжкае становішча, у якое трапіла пад Паўлаўкай на Вугледарскім напрамку 155-я асобная гвардзейская брыгада марской пяхоты Ціхаакіянскага флоту РФ. З ягоных слоў, байцы перадалі Алегу Кажамяку, губернатару Прыморскага краю, дзе дыслакуецца брыгада, ліст са скаргамі на камандаванне і з просьбай даслаць на месца камісію, каб спыніць дрэнна спланаваны і непадрыхтаваны наступ на пазіцыі УСУ, піша The Insider.
У Telegram-канале GREY ZONE, звязаным з ПВК Вагнера, публікуецца поўны тэкст ліста. Сярод іншага, у ім гаворыцца, што за чатыры дні наступлення 155-я брыгада страціла 300 чалавек забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак, а таксама пазбавілася 50% тэхнікі. У тэксце марпехі абвінавачваюць генерал-лейтэнанта Рустама Мурадава, камандзіра Усходняй вайсковай акругі і групоўкай войскаў «Усход» ва Украіне, у правальным планаванні аперацыі і спробе схаваць рэальныя лічбы страт, і патрабуюць даслаць незалежную ад Мінабароны камісію.
Той самы тэкст, праўда, з указаннем толькі першай літары прозвішчаў згаданых аўтарамі звароту вышэйшых афіцэраў, апублікавала журналістка Першага канала Анастасія Кашаварава.
Расейскія войскі з пачатку лістапада вядуць наступ на Вугледар праз н.п. Паўлаўка і Новаміхайлаўка з мэтай ахапіць горад з двух бакоў і прымусіць украінскія сілы адысці на новыя рубяжы абароны.

Камандзір батальёна «Усход» ДНР Аляксандр Хадакоўскі паведамляе, што тыя, што наступалі, апынуліся ў «агнявым мяшку» УСУ, а сама аперацыя была «заўчаснай».
Украінскі журналіст Дзяніс Казанскі публікуе кадры з беспілотніка, на якіх нібыта адлюстраваныя загінулыя ў атаках на Паўлаўку расейскія вайскоўцы.
Рустам Мурадаў стаў другім расейскім военачальнікам, які сутыкнуўся з публічнай крытыкай за час вайны ва Украіне. Раней пасля абвінавачанняў у некампетэнтнасці з боку кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава і шэрагу публікацый у СМІ пасады пазбавіўся камандзір групоўкай войскаў «Цэнтр» генерал-палкоўнік Аляксандр Лапін.