24 красавiка 2024, Серада, 10:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Душыў пратэсты, а потым засіліўся»

«Душыў пратэсты, а потым засіліўся»

Хто з беларускіх карнікаў учыніў суіцыд пасля 2020-га года.

Самагубства камандзіра авіябазы ў Баранавічах - не першае ў шэрагу самагубстваў карнікаў пасля пачатку пратэстаў 2020 года. The Village Беларусь расказвае, хто з карнікаў наклаў на сябе рукі за апошнія два гады і што вядома пра іхнюю смерць.

Учора стала вядома аб самагубстве былога камандзіра 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы ў Баранавічах Юрыя Вараб'ёва. Апошнія гады ён працаваў на 558-м авіярамонтным заводзе і быў старшынёй рады ветэранаў 61-й авіябазы. Паводле адной з версій, прычынай стала тое, што мужчыну не падоўжылі кантракт. Гэта самагубства стала чарговым у шэрагу самагубстваў былых і не былых карнікаў пасля пачатку пратэстаў 2020 года і вайны.

Звольніўся з ОМОН і засіліўся

21-гадовы Максім М. звольніўся з гарадзенскага аддзела ОМОН у верасні 2020 года. Калегі казалі, што сышоў ён не дзеля «палітыкі», а паводле стану здароўя, а ягоная жонка — што яшчэ да звальнення быў хворы і ў задушэнні пратэстаў не ўдзельнічаў.

25 студзеня 2021 года былога байца ОМОН знайшлі павешаным у здымнай кватэры ў адным з мікрараёнаў Гародні. Жонка Максіма казала, што не верыць у суіцыд. Паводле ейных слоў, за дзве гадзіны да ягонай смерці яны размаўлялі праз тэлефон, Максім быў дома, ладзіўся пайсці з братам у аквапарк, а пасля гэтага - паехаць да бацькоў у іншае места і папрасіў жонку зарэзэрваваць білет.

«Мяне збянтэжылі і ключы, якія былі кінуты на падлозе, і пабітая свяцільня. Пры гэтым Максім не меў ніякіх драпін або парэзаў», - казала ягоная жонка.

Увечары была амонавец перастаў адказваць на выклікі, вярнуўшыся дадому, жонка выявіла яго павешаным. УУС і Следчы камітэт пацвердзілі, што той загінуў, але тэму прычын ягонай смерці далікатна абышлі, хаця праўладныя СМІ пісалі шчыра: наклаў на сябе рукі.

Праслужыў міліцыянтам 20 гадоў і застрэліўся ва ўласным кабінеце.

Начальнік групы наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі Аршанскага РАУС падпалкоўнік міліцыі Руслан Кавальчук застрэліўся з табельнага пісталета ў сваім службовым кабінеце 21 красавіка 2021 года. На той момант яму было 37 год.

«Сёння раніцай ён узяў удзел у занятках фізічнай падрыхтоўкі, атрымаў табельную зброю, не выявіўшы ніякіх дзівацтваў у паводзінах. Цела Кавальчука знайшоў падначалены, які зайшоў удакладніць працоўную інфармацыю. Стрэл практычна нікім не быў пачуты - яго гук прынялі за выпушчаны тубус з ключамі, што можна растлумачыць таўшчынёй сцен у будынку РАУС і ўсталяванымі падвойнымі жалезнымі ўваходнымі дзвярыма ў службовы кабінет Кавальчука», - так апісвалі акалічнасці ягонай смерці.

Следчы камітэт пацвердзіў факт загубы супрацоўніка Аршанскага РУУС у службовым кабінеце, але расказаць драбніцы паабяцалі пасля заканчэння "экспертных даследаванняў".

Адрозна ад ўлад той факт, што Кавальчука знайшлі застрэленым, пацвердзіла ягоная жонка Таццяна. “Я не разумею, што адбываецца, што адбылося. Мяне да яго не пускаюць. Я яго раніцай бачыла. Ён адвёў дзяцей у школу. Было ўсё добра… Былі, як заўжды, праблемы на працы. Але я не разумею, што магло падштурхнуць», - расказала тады ягоная жонка. Паводле ейных слоў, ён прасіўся сысці з гэтай пасады.

Душыў пратэсты, а потым засіліўся на папрузе

У траўні 2021-га стала вядома пра самагубстве палкоўніка міліцыі ў адстаўцы Генадзя Вайтовіча.

На той момант Генадзю было 50 год. Да адстаўкі ён быў начальнікам управы аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Берасцейскага абласнога выканкама. Паведамляецца, менавіта ён быў адказны за задушэнне народных пратэстаў у Берасці ды Берасцейскай вобласці. Выйшаў на пенсію ў канцы 2020 года. Аднак на старонцы УУС Берасцейскага абласнога выканкама мы знайшлі публікацыю ад 11 верасня 2020 года аб тым, што Вайтовіча "праводзілі на заслужаны адпачынак".

Цела Вайтовіча знайшоў ягоны сын, супрацоўнік Ленінскага РАУС Берасця, - ён засіліўся на дзязе ў лесапаласе.

Пра смерць Вайтовіча пісала мясцовае дзяржаўнае выданне "Вечерній Брест" — у публікацыі гаварылася, што абставіны смерці былога міліцыянта пакуль невядомыя, але праводзіцца правяранне, якое мае ўсё растлумачыць. Аб выніках праверкі газэта так і не паведаміла, а ў пазнейшай нататцы, прысвечанай Вайтовічу, напісана, што «трагічна загінуў».

Патомнага вайскоўца і начальніка ІЧУ знайшлі мёртвым (на працоўным месцы)

Неўзабаве пасля навіны аб смерці Вайтовіча, таксама ў траўні 2021-га, з'явілася іншая, што ў Полацкім РАУС на працоўным месцы знайшлі мёртвым начальніка ІЧУ Кірыла Маскаленку.

На гэтай пасадзе Маскаленка прабыў нядоўга, а да гэтага служыў ва ўнутраных войсках - ён наогул з сям'і вайскоўцаў, скончыў Вайсковую акадэмію і быў жанаты з начальніцай аддзела грамадзянства і міграцыі Полацкага РАУС. На момант смерці Маскаленку было 36 гадоў.

Дзяржаўныя мэдыі таксама пісалі пра смерць "супрацоўніка міліцыі ў Полацку", не называючы ні пасады, ні імя. Паводле афіцыйнай версіі, у той дзень мужчына не выйшаў на працу, спаслаўшыся на праблемы са здароўем. Ягонае цела выявілі сямейнікі, прыехаўшы дадому пасля таго, як ён перастаў выходзіць на сувязь.

Тады яшчэ прэсавая сакратарка МУС Вольга Чамаданава пацвердзіла, што начальнік ІЧУ сапраўды мёртвы, але здарылася гэта не на працоўным месцы, а абставіны смерці высвятляюць следчыя. Мабыць, яны займаюцца гэтым дагэтуль, бо аб выніках правярання ні СК, ні МУС так і не паведамілі.

Можна меркаваць, што пік самагубстваў карнікаў прыпаў на 2021 год. Не выключана, што гэта не ўсе выпадкі суіцыду сярод карнікаў за апошнія два гады, а толькі тыя, пра якія стала вядома.

Напрыклад, вядома, што ў кастрычніку 2021 года начальнік Ганцавіцкага РУУС, 43-гадовы Віталь Куляшоў, які запомніўся брутальнымі затрыманнямі пратэстоўцаў у раённым цэнтры, патрапіў у Навінкі. Куляшоў быў карнікам шмат гадоў, а ў жніўні 2021-га яго нечакана звольнілі ды адправілі кіраваць сельскагаспадарчым прадпрыемствам у Столінскім раёне, бо з першай адукацыі ён - ветэрынар. «Ужо на працы ў калгасе Куляшоў ці то распачаў спробу суіцыду, ці то публічна абвясціў, што мерыцца такое зрабіць - як вынік, яго адправілі на абследаванне ў Навінкі», - расказалі тады «Нашай Ніве» крыніцы.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках