Нямецкія фірмы пакідаюць расейскі рынак
8- 5.02.2022, 21:45
- 17,080
Эканоміка РФ пазбаўляецца шматмільярдных укладанняў нямецкага бізнэсу.
Нямецкія эксперты папярэджваюць аб пагрозе масавага адыходу кампаній з Нямеччыны з расейскага рынку. У 2021 годзе колькасць нямецкіх фірмаў у Расеі скарацілася на 8% у параўнанні з папярэднім годам, паведамляе агенцтва dpa у суботу, 5 лютага, са спасылкай на звесткі Нямецка-расейскай замежнагандлёвай палаты (AHK Russland), піша dw.com.
Прычынай таму - магчымасць перарастання канфлікту вакол Украіны ў поўнамаштабныя баявыя сутыкненні, пагроза ўвядзення новых санкцый заходніх краін у дачыненні да Расеі, а таксама абавязковы медычны агляд для шэрагу замежнікаў у РФ, адзначыў старшыня ўправы AHK Russland Матыяс Шэп (Matthias Schepp). Апошнія захады з'яўляюцца дыскрымінацыйнымі, падкрэсліў ён.
У 2022 годзе яшчэ больш фірмаў могуць прыняць пастанову спыніць дзейнасць у Расеі, калі неўзабаве не знайсці развязкі, якія стабілізуюць бізнэс-клімат, адзначыў Шэп. Ён асабліва вылучыў шматмільярдныя ўкладанні нямецкага бізнесу ў расейскую эканоміку.
Паводле звестак AHK Russland, яшчэ ў 2011 годзе колькасць нямецкіх фірмаў у РФ складала 6300, аднак у наступныя 10 гадоў скарацілася больш чым на 40% – да 3651 кампаніі з нямецкім статутным капіталам.