16 чэрвеня 2024, Нядзеля, 4:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Упершыню ў гісторыі ВМС УС Украіны штурманам стала дзяўчына

3
Упершыню ў гісторыі ВМС УС Украіны штурманам стала дзяўчына

Яўгенія Бакай распавяла сваю гісторыю.

Гавораць, што выйсці ў мора можа любы марак, а вось прывесці судна ў патрэбнае месца - толькі штурман. Таму прадстаўнік гэтай спецыяльнасці абавязаны мець сур'ёзны ўзровень падрыхтоўкі.

Яўгенія Бакай разбурыла стэрэатып і выбрала чыста мужчынскую прафесію. Старшына рулявой каманды 2 разраду Яўгенія Бакай - першая дзяўчына-штурман украінскага нацыянальнага флоту.

АрміяInform распавяла гісторыю гэтага адважнага чалавека.

Дзяўчына толькі ў сакавіку завяршыла навучанне ў аддзяленні вайсковай падрыхтоўкі прафесійнага каледжа марскога транспарту Нацыянальнага ўніверсітэта «Адэская марская акадэмія». Яе спецыяльнасць - караблеваджэнне. Цяпер Яўгенія - незаменная частка экіпажу баявога судна.

«Я заўсёды марыла пра войска, хоць у сям'і вайскоўцаў не было. І наважыла - стану першай. Спачатку спрабавала паступіць у інстытут ВМС. Але, на жаль, у флоцкую ВНУ не патрапіла. Але апускаць рукі мне не характэрна, таму я паступіла ў каледж, каб у будучыні атрымаць усё ж такі афіцэрскае званне», - успамінае Яўгенія.

З першых дзён яна зразумела, што пастанова была правільная, і яна - у сваёй стыхіі. Жэня стала не толькі першай дзяўчынай, якая ў каледжы атрымала спецыяльнасць «караблеваджэнне», але стала лепшай на курсе.

«Падчас вучобы ў нас было дастаткова практыкі на караблях і катарах ВМС УСУ, каб я сёння магла спакойна выконваць сваю працу. Між іншым, марскую справу я вывучыла на навучальным катары «Чыгірын» на пасадзе сігнальшчыка, а таксама на пасадзе камандзіра рулявога аддзялення на фрэгаце «Гетман Сагайдачны». Гэта быў добры досвед», - распавядае Жэня.

Падчас вучобы яна зразумела, што «з морам у яе раман надоўга». Кажа, што можа гадзінамі глядзець на мора, і там не бывае аднолькавых заходаў. А на беразе немагчыма ўбачыць столькі зорак, як у моры.

«Кажуць, што з часам рамантыка праходзіць, а служба ператвараецца ў руціну. Спадзяюся, гэта не так», – кажа Яўгенія.

Цяпер яна прафесійна выконвае свае абавязкі і кіруе асабовым складам жалезнай рукой. Яе каманда адказвае за навігацыйную бяспеку плавання ў моры, а таксама сочыць за выкананнем усіх манеўраў. Штурман штодня займаецца карэктурай мапаў, сочыць за навігацыйнай і сінаптычнай абстаноўкай мора і дае справаздачу капітану карабля.

Яўгенія тлумачыць, што як старшына рулявой каманды пры праходжанні вузкага месца ці пад час швартоўкі яна павінна быць за штурвалам. А ў выпадку адсутнасці камандзіра баявой часткі - выконваць ягоныя абавязкі.

Яна дадае, што на борце ўсе сапраўды становяцца адной вялікай сям'ёй. На Яўгеніі вялізная адказнасць і яна ўмее працаваць з асабовым складам, вырашаць задачы самастойна. Калі ўзнікаюць праблемы - да камандзіра за падказкай не бяжыць. Бакай ужо зарабіла аўтарытэт сярод калег.

«Не разумею, чаму жанчына на вайсковым караблі павінна выклікаць здзіўленне. У нас жа ёсць жанчыны-снайперы, танкісты, артылерысты, пілоты... Відаць, стэрэатыпы што да «нежаночых» прафесій ужо не актуальныя, асабліва, калі ў дзяржаве ідзе вайна «Цяпер не стаіць пытанне жанчына ты ці мужчына, трэба толькі вызначыцца - ці гатовы ты абараняць сваю краіну ці не», - пераканана Яўгенія.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках