19 сакавiка 2024, aўторак, 11:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Санкцыі дабіваюць рэжым Лукашэнкі

28
Санкцыі дабіваюць рэжым Лукашэнкі

Крах беларускай прамысловасці.

Пасля нападу расейскіх войскаў на тэрыторыю Украіны беларускія прадпрыемствы, якія фактычна ледзь трымаліся, сутыкнуліся з новымі праблемамі, што наўпрост закранулі працоўныя калектывы. Захад увёў пяты пакет санкцыяў 9 красавіка 2022 года ў сувязі з сітуацыяй у Беларусі і датычнасці рэжыму Лукашэнкі да расейскай агрэсіі супраць Украіны.

У першую чаргу ад гэтага пакета моцна пацярпелі грузаперавозкі.

Яшчэ восенню для транспартных кампаній моцным ударам было закрыццё прапускнога пункта Брузгі ў сувязі з міграцыйным крызісам, які развязаў Лукашэнка. Ужо тады транспартнікі былі на мяжы спусташэння, але цяпер сітуацыя набліжае поўны крах. Абмежаванні, якія ўводзяцца праз злачынствы Лукашэнкі і Пуціна, пазбаўляюць Беларусь вялікай перавагі – геаграфічнага становішча. Мост паміж Захадам і Усходам прыносіў блізу 2 мільярдаў даляраў і быў адной з асноўных крыніцаў валютнай выручкі Беларусі.

Адсутнасць грузаперавозак натуральным чынам закранае і беларускія заводы. Паводле афіцыйнай інфармацыі Міністэрства працы і сацабароны Беларусі, у сакавіку і красавіку 2022 года ў краіне быў зафіксаваны вялікі рост прастояў і вымушанай няпоўнай занятасці. Кіраўніца ўстановы Ірына Касцевіч мяркуе, што высокакваліфікаваныя працоўныя, на прафесіяналізме якіх трымалася абсалютна кожнае прадпрыемства, павінны перайсці да ўдзелу ў сезонна-палявых працах.

Такая практыка далёка не ноў-хаў на беларускіх прадпрыемствах. Яшчэ калі я працаваў на «Гродна Азоце», часта цэхі, якія не мелі збыту, адпраўляліся ў камандзіроўкі ў стратныя калгасы, якія павесілі на прадпрыемства. Як правіла, інжынеры, апаратчыкі ды іншыя адукаваныя адмыслоўцы займаліся тамака дапаможнымі працамі. А ў зімовы час і зусім нас «высылалі» на працы, якія жартам у калектыве звалі «лесапавал». У добраахвотна-прымусовай форме працоўных змушалі займацца высечкай дрэваў і дробных зараснікаў на ачышчальных збудаваннях за горадам. У той час як людзі, вінаватыя ў праблеме са збытам, спакойна пілі каву ў сваіх кабінетах. Ні эканамістаў, ні маркетолагаў, ні кіраўнікоў аддзелаў збыту тамака не было. Працоўны не прадае прадукцыю, якую выпускае прадпрыемства. Ад яго залежыць толькі якасць прадукцыі, незалежна ад таго, куды яна далей паедзе. А за адсутнасць збыту адказвае выключна кіраўніцтва, якое нават у дасанкцыйны перыяд не спраўлялася са сваімі прамымі задачамі.

Цяпер такая практыка можа распаўсюдзіцца на большасць беларускіх заводаў. Напрыклад: «Брэстгазапарат» (гандлёвая марка Gefest), які ўважаецца за адзін з асноўных заводаў Берасця, выкарыстоўвае імпартныя камплектавальнікі, запасы якіх хутка заканчваюцца. І працоўныя толькі здагадваюцца, што іх чакае падчас прастою: адпачынак за свой кошт, або «высылка» ў калгасы.

На прастой сыходзіць і «Беларуськалій», які быў адным з найважнейшых прадпрыемстваў Беларусі і асноўнай крыніцай валюты. Цяпер там проста няма адгрузкі і на многіх рудніках абвешчаны пазапланавы рамонт праз закрыццё порта ў Літве. Маладыя працоўныя знаходзяцца ў актыўным пошуку дадатковага заробку.

На Беларускім металургічным заводзе (БМЗ) у траўні праз прастоі супрацоўнікаў выправяць у адпачынак без утрымання, гэта значыць за свой кошт на некалькі дзён, а ў астатні час няпоўная працоўная занятасць і ўдзел у працах, не звязаных з прамой спецыялізацыяй. Раней значная частка прадукцыі БМЗ для продажу ў Еўропу ішла па чыгунцы ў напрамку Адэсы. Пасля пачатку вайны ва Украіне гэты маршрут перастаў быць актуальным.

Працоўныя, інжынеры і іншыя спецыялісты на беларускіх прадпрыемствах – цяперашняя эліта, якая павінна перастаць цярпець ад рук бяздарнага кіраўніцтва краіны. Менавіта Лукашэнка і ягоныя халуі вінаватыя ва ўсіх непрыемнасцях, якія распаўсюдзіліся на нашу краіну. Санкцыі ўведзеныя выключна супраць дыктатарскага рэжыму, у той час як Захад упэўнена падтрымлівае беларускі народ і верыць у тое, што дэмакратыя прыйдзе і на нашу зямлю.

Пры пісьменным маркетынгу і мэнэджмэнце Беларусь дастаткова хутка нарасціць моц і ўстане на еўрапейскі шлях развіцця. У новай дэмакратычнай Беларусі кожны прафесіянал будзе займацца сваёй справай. Кожны дыпламаваны спецыяліст будзе шанаваць сябе і краіну, у якой жыве і працуе.

Слава Украіне! Жыве Беларусь!

Арцём Чэрнікаў, спецыяльна для Telegram-канала «Баста!»

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках