СМІ: ФСБ РФ сутыкнулася з масавым сабатажам афіцэраў
5- 23.10.2023, 21:53
- 32,868
Расейскія чэкісты незадаволеныя ўказам Пуціна.
Супрацоўнікі Федэральнай службы бяспекі сталі сабатаваць працу праз указ прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, які забараніў звальняцца кантрактнікам да заканчэння мабілізацыі, пішуць «Важныя гісторыі».
Паводле словаў суразмоўцы выдання ў ФСБ, ягоныя калегі, якія хацелі сысці, але не змаглі, ствараюць бачнасць дзейнасці і ігнаруюць даручэнні кіраўніцтва. «Калі кіраўніцтва наязджае, некаторыя адказваюць наўпрост: „Не падабаецца, як працуем, – звальняйце“», – расказаў ён.
Тэндэнцыю пацвердзіў і дзейны супрацоўнік цэнтральнага апарату ФСБ. «Настрой у многіх прыкладна такі: як бы ціха дасядзець да пенсіі, н***я [нічога] не рабіць і ні ўва што не ўляпацца», – канстатаваў ён.
У святле сітуацыі, якая склалася, кіраўніцтва ФСБ вымушанае даручаць складаныя задачы некваліфікаваным супрацоўнікам. «Прыязджаюць нейкія прапаршчыкі з калгасаў, якія н***я [нічога] не ўмеюць, але за добры заробак гатовыя рабіць што заўгодна», – заявіла крыніца.
Згодна з указам Пуціна, кантракты на праходжанне ваеннай службы аўтаматычна прадаўжаюцца да заканчэння мабілізацыі. Звольніцца можна толькі праз узрост, стан здароўя або пры здзяйсненні злачынства.
У лютым Пуцін запатрабаваў ад ФСБ узмацніць працу ў пошуку замежных шпіёнаў і заняцца «мярзотай» у Расеі, якая спрабуе раскалоць грамадства знутры. Ён адзначыў, што пасля пачатку вайны з Украінай у краіне вырасла колькасць злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці і сілавікам трэба актыўна ім процідзейнічаць.
Аператыўнікі ФСБ павінны з'явіцца ва ўсіх месцах масавага збору людзей – гэтыя пункты трэба «ўвесь час трымаць у полі зроку» нароўні з транспартнымі вузламі, прадпрыемствамі ПЭК і абаронна-прамысловага комплексу, заявіў Пуцін. Ён дадаў, што «чакае» ад супрацоўнікаў «поўнай самааддачы, баявога настрою» і «вернасці найлепшым традыцыям службы».
Раней адміністрацыя прэзідэнта забараніла высокапастаўленым чыноўнікам звальняцца падчас вайны, пісалі «Важныя гісторыі». Асцерагаючыся масавага сыходу кіраўнікоў, у Крамлі паставілі задачу «дэманстрацыі адзінства», а жаданне звольніцца пачалі расцэньваць як здраду. Нязгодным прыгразілі крымінальнымі справамі, сцвярджалі крыніцы выдання.