Літва дэ-факта ўніфікавала абмежаванні для беларусаў і расейцаў
16- 26.10.2023, 21:34
- 14,484
Пра гэта заявіў галоўны дарадца прэзідэнта Літвы.
Літва ўжо выкарыстоўвае да грамадзянаў Беларусі тыя ж абмежавальныя захады, што і да расейцаў. Пра гэта ў інтэрв'ю LRT Radio заявіў галоўны дарадца прэзідэнта Літвы Кястуціс Будрыс.
«Чатыры з сямі захадаў у законе пра абмежавальныя захады ўжо выкарыстоўваюцца да грамадзянаў Расеі і Беларусі. Мы ўжо зраўнялі некаторыя з іх», – заявіў Будрыс.
Паводле ягоных словаў, Літва абмежавала выдачу візаў беларусам, але колькасць грамадзянаў Беларусі, якія перасякаюць мяжу, застаецца вельмі высокай.
«Як заявіў прэзідэнт, мы павінныя апытваць грамадзянаў Беларусі, гэтаксама як апытваем грамадзянаў РФ на мяжы. Дэ-факта мы гэта ўжо робім. Памежная служба, якая падтрымлівае ўніфікацыю абмежаванняў, ужо выкарыстоўвае гэтыя захады», – заявіў дарадца Наўседы.
Будрыс назваў заявы пра тое, што дадатковыя абмежаванні пашкодзяць беларускай апазіцыі, «неабгрунтаванымі спекуляцыямі». На ягоную думку, прапанаваныя Наўседам абмежавальныя захады не супярэчаць адкрытасці Літвы людзям, якія ўцякаюць ад рэжыму.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа раней заклікаў Сойм ужываць аднолькавыя абмежаванні ў дачыненні да грамадзянаў Расеі і Беларусі, якія ўязджаюць у Літву.
Прэм'ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманітэ заявіла, што ўрад мае намер прапанаваць Сейму падоўжыць дзейныя абмежаванні да траўня 2024 года. Яна не выключыла, што ўрад можа ўнесці прапановы для ўзмацнення жорсткасці абмежаванняў, калі пастановіць неабходным.