Папу рымскага шпіталізавалі ў Рыме
6- 29.03.2023, 20:57
- 5,826

86-гадовы пантыфік знаходзіцца ў кардыялагічным аддзяленні.
Папа рымскі Францішак знаходзіцца ў шпіталі Джэмелі ў Рыме ў сувязі з планавай праверкай стану здароўя, паведамляе Vatican News са спасылкай на кіраўніка прэс-службы Апостальскай сталіцы Матэа Бруні.
«Святы Айцец накіраваўся ў лякарню Джэмелі для некаторых раней запланаваных аглядаў», – сказаў Бруні.
У сераду раніцай пантыфік прысутнічаў на ўсеагульнай аўдыенцыі на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, зазначаецца ў паведамленні.
Як піша італьянская газета Corriere della Sera, папу рымскага даставілі ў кардыялагічнае аддзяленне. У яго назіраліся праблемы з сэрцам і дыханнем, паведамілі крыніцы выдання. Стан кіраўніка каталіцкай царквы не выклікае занепакоенасці, сказалі суразмоўцы Corriere, але мерапрыемствы з ягоным удзелам на 30 і 31 сакавіка ўсё ж скасаваныя.
Газета Fatto Quotidiano піша, што праблемы са здароўем у папы Францішка могуць быць звязаныя з хранічным бранхітам і астмай на фоне стрэсу. Пантыфік можа прапусціць некаторыя мерапрыемствы, запланаваныя на наступны Страсны тыдзень, не выключае выданне. 9 красавіка каталікі будуць адзначаць Вялікдзень.
Францішку 86 гадоў. На пасаду кіраўніка Каталіцкай царквы ён быў абраны роўна дзесяць гадоў таму, у сакавіку 2013 года. Ягонае сапраўднае імя – Хорхе Марыё Бергольё, ён стаў святаром у 1969 годзе.