19 красавiка 2024, Пятніца, 20:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЦБ РФ даў справаздачу аб рэкорднай страце ў 2022 годзе

12
ЦБ РФ даў справаздачу аб рэкорднай страце ў 2022 годзе

За год ЦБ страціў у 27 разоў больш, чым год таму.

Трапіў пад санкцыі, пазбаўлены паловы рэзерваў і адрэзаны ад аперацый з сусветнымі валютамі – расейскі Цэнтрабанк закончыў 2022 год з рэкорднай у сваёй гісторыі чыстай стратай.

За год ЦБ страціў 721,7 млрд рублёў – у 27 разоў больш, чым год таму, вынікае з яго гадавой справаздачы, якая ў сераду была накіраваная ў Дзярждуму РФ.

Прыбыткі Цэнтрабанка засталіся практычна на ўзроўні мінулага года – 541,2 млрд рублёў супраць 531,3 млрд. Пры гэтым прыбыткаў ад аперацый з каштоўнымі паперамі, валютай і золатам рэгулятар не атрымаў зусім: яны былі нулявымі пасля таго, як санкцыі закрылі ЦБ РФ доступ на сусветныя рынкі і забаранілі валютныя аперацыі нават на Маскоўскай біржы.

Выдаткі пры гэтым падскочылі больш чым удвая – з 557 млрд да 1,262 трлн рублёў. З гэтай сумы амаль палова прыйшлася на выдаткі ў рынкавых аперацыях пасля таго, як ЦБ аднавіў набыццё золата і папоўніў рэзервы больш як на 30 тонаў.

Выдаткі ЦБ на ўтрыманне свайго апарату сталі большыя на 8 млрд рублёў і дасягнулі 133,9 млрд, а сярэдні заробак супрацоўніка перавысіў 200 тысячаў рублёў.

У стратах расейскі Цэнтрабанк знаходзіцца шосты год запар. У 2021-м ён страціў 26,5 млрд рублёў, у 2020-м – 65,8 млрд рублёў, у 2019-м – 182,6 млрд рублёў, у 2018-м – 434,7 млрд рублёў.

Папярэдні рэкорд страты ЦБ устанавіў у 2017 годзе, які закончыў у мінусе на 435,3 млрд рублёў праз выдаткі на латанне дзірак у банкаўскай сістэме.

Сумарна за 6 гадоў страта ЦБ РФ дасягнула 1,866 трлн рублёў – сумы, якая амаль роўная двум гадавым бюджэтам усёй сістэмы вышэйшай адукацыі ў краіне (1 трлн рублёў), сямі гадавым бюджэтам Ніжагародскай вобласці (270 млрд рублёў) і 70 гадавым бюджэтам такіх найбяднейшых рэгіёнаў, як Калмыкія ці рэспубліка Алтай.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках