27 красавiка 2024, Субота, 16:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскі палітолаг: У Маскве замітусіліся праз хваробу Лукашэнкі

10
Украінскі палітолаг: У Маскве замітусіліся праз хваробу Лукашэнкі

У Расеі няма сцэнару на «пасля».

Ці стаў Лукашэнка для Украіны ваенным злачынцам? Якія стасункі чакаюць Кіеў і Менск пасля змены ўлады ў нашай краіне? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з украінскім палітолагам Уладзімірам Цыбулькам.

- У СМІ актыўна абмяркоўваюць тэму парада на 9 мая ў Маскве. Як вы ацэньваеце тую карцінку, якую нам паказалі з Чырвонай плошчы?

- Гэта быў не парад у імперскім разадзьмутым фармаце, а адпрацоўка нумара, сутнасць якога ў тым, што пуцінская эліта любіць рытуалы. Для іх сістэма кіравання дзяржавай - гэта не толькі медыйнае поле, але яшчэ і суцэльная рытуалізацыя.

Яны ўвесь час ускладаюць кветкі да нейкіх каменных або бронзавых статуй. Фармуюць каляндар, які выстаўляе Расею ў якасці «гіперпаспяховай» дзяржавы, хоць ні фінансавыя паказчыкі, ні тэхналагічны ўзровень не гавораць аб тым, што Расея ўваходзіць хаця б у топ-20 краін. Хоць яна фармальна належыць да 20-кі і агульны аб'ём яе эканомікі складае недзе больш за $1,5 трыльёна (часам налічваюць і блізу $2 трыльёнаў, і нават больш). Агулам жа РФ даходамі на душу насельніцтва знаходзіцца ў глыбокім канцы спіса. Гэта багатая краіна бедных людзей. Беднасць - адна з тэхналогій утрымання расейцаў у падпарадкаванні.

- Пасля параду ў Маскве пачаліся праблемы са здароўем у Лукашэнкі. Вылучаюцца канспіралагічныя версіі, што дыктатара маглі і ўвогуле атруціць. Наколькі вам гэта бачыцца імаверным?

- Наколькі мне вядома, у Маскве самі замітусіліся, таму што ў іх няма постлукашэнкаўскага сцэнару. Прынамсі прыкметаў існавання такога сцэнару няма. Лукашэнка здаваўся ім жывучым і «вечным». Стаяла пытанне, хто каго перажыве — Пуцін Лукашэнку ці наадварот. Думаю, што Лукашэнка быў свята ўпэўнены, што ён Пуціна.

Ці «Навічок» гэта? Калі б Расея была ўпэўненая ў тым, што яна прадасць свайму насельніцтву акупацыю Беларусі замест выхаду з Украіны, то відавочна, што гэта быў бы «Навічок».

Мне падаецца, што ім хочацца паглынуць Беларусь, але хто ім дасць? Рэальна выверанага плана паглынання Беларусі ў Крамля няма. Гэта можа быць такая спарадычная акцыя ў стылі атакі на Крым у свой час, якая выглядала як імправізацыя.

Маё меркаванне, што тыя часткі, якія захоплівалі Крым, ужо разбіты ва Украіне. Зразумела, што беларускае войска – гэта працяг расейскага. Тое, што Беларусь ніякім чынам не пярэчыла нападу расейскіх войскаў на Украіну з яе тэрыторыі азначае, што і ўвядзенню любых расейскіх войскаў Беларусь наўрад ці будзе супраціўляцца.

Важнае пытанне, ці здольныя Узброеныя сілы Беларусі супрацьстаяць Расеі на прыклад украінскіх ці не? У гэтым плане, калі ўзровень паглынання УС Беларусі расійскімі спецслужбамі і войскам аж занадта высокі, яны поўнасцю інтэграваныя, то ў Беларусі праблемы.

Партызанскімі метадамі, без хаця б аналага ўкраінскага УНА-УНСО, супрацьстаяць немагчыма.

- Украінская Рада прызнала беларускага дыктатара датычным да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. У Кіеве спальваюць масты і залічаюць Лукашэнку да ваенных злачынцаў?

- Я б сказаў, што канал з Беларуссю канчаткова не перацяты. Хоць пасол адкліканы, але віцэ-прэм'ер-міністр Украіны Кубракоў - гэта ж пляменнік міністра ўнутраных спраў Беларусі Кубракова. Таму сямейны канал існуе.

Мне падаецца, што Лукашэнка зайшоў так далёка, што ён ужо не суб'ектны. Кожная дамоўленасць з ім будзе скарэктаваная Масквой. На сённяшні дзень з ім няма пра што размаўляць. Тым больш, што ён не спыняе дзеянні на карысць расейскага агрэсара нават зараз.

Я ўжо не кажу пра ягонае фігураванне ў справе аб выкрадання ўкраінскіх дзяцей. Гэта такі больш слабы артыкул. Лукашэнка будзе фігураваць у іншай справе - генацыдным знішчэнні цывільнай інфраструктуры Украіны. За кожны ўзлёт расейскага самалёта з аэрадрома Беларусі і абвяшчэнне паветранай трывогі ва Украіне, будзе выстаўлены рахунак беларускаму рэжыму.

Бо кожная паветраная трывога - гэта прыпыненне эканомікі, страты, якія хтосьці павінен кампенсаваць. Ці задумваўся Лукашэнка, чым ён будзе іх кампенсаваць?

Лукашэнка паставіў беларускі народ у сітуацыю, калі хаўрусніцтва з агрэсарам будзе каштаваць вялізных кампенсацый.

- Ці пачынае ва Украіне з'яўляцца бачанне будучых стасункаў са свабоднай Беларуссю?

- Яно ўжо ёсць. Кантакты з апазіцыяй падтрымліваюцца. Існуе парламенцкая група.

Таксама ваяры беларускіх нацыянальных фармаванняў у складзе УСУ - частыя госці парламента Украіны. Яны вядуць пастаянны дыялог з украінскім парламентам, тут ёсць вельмі шмат напрацовак.

Думаю, што акурат кадравы патэнцыял будучай Беларусі ў частцы публічнай адміністрацыі фармуецца ў Еўропе. Маю на ўвазе будучы бюракратычны апарат, а сілавы апарат фармуецца ў складзе УСУ.

Гэтыя сілавікі падрыхтаваныя і вернуцца ў Беларусь як структура, якая заменіць акупацыйныя сілавыя органы. Інакш назваць сёлетнія беларускія сілавыя органы немагчыма. Гвалт, які арганізаваў Лукашэнка са сваімі сілавікамі над мірнымі пратэстоўцамі, — гэта не проста злачынства супраць чалавечнасці, а акупацыйныя дзеянні.

Таму ў Лукашэнкі ёсць яшчэ і іншы рахунак - ад беларускага народа, які ён аплаціць не зможа, ён выдатна гэта разумее.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках