Лукашэнка памілаваў Соф'ю Сапегу
23- 7.06.2023, 18:17
- 29,564
Дзяўчыну перадалі дэлегацыі Прыморскага краю РФ.
Памілаваную Аляксандрам Лукашэнкам Соф'ю Сапегу перадалі 7 чэрвеня дэлегацыі Прыморскага краю, якую ўзначальвае губернатар Алег Кажамяка.
«На наш зварот учора Аляксандр Рыгоравіч падпісаў указ аб памілаванні. Думаю, што такі крок мае і для цябе значэнне», - звярнуўся да памілаванай Алег Кажамяка.
У верасні мінулага года палітзняволенай адмовілі ў памілаванні.
Нагадаем, Соф'ю Сапегу затрымалі 23 траўня мінулага года разам з былым галоўным рэдактарам тэлеграм-канала NEXTA Раманам Пратасевічам у менскім аэрапорце пасля таго, як улады Беларусі пасадзілі самалёт авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільню. Пара вярталася з адпачынку. Дзяўчыну абвінавацілі ў адміністраванні тэлеграм-канала «Чорная кніга Беларусі», у якім публікуюцца асабовыя звесткі сілавікоў.
Суд пачаўся 28 сакавіка і адбываўся ў закрытым рэжыме. Сапезе выставілі абвінавачанні паводле сямі артыкулаў, але прызналі вінаватай паводле двух - па ч.3 арт.130 (у здзяйсненні наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне іншай сацыяльнай варожасці, варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых арганізаванай групай асоб, якія пацягнулі іншыя цяжкія наступствы), а таксама па ч.1 арт.179 (незаконныя збіранне або распаўсюджванне звестак аб прыватным жыцці, якія складаюць персанальную або сямейную таямніцу іншай асобы, без яе згоды, якія пацягнулі прычыненне шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам пацярпелых).
Яе прыгаварылі да шасці гадоў калоніі агульнага рэжыму. Сапега ў калоніі працавала швачкай. Раней у перапісцы яна расказала маці, што працы шмат, усе працуюць без перапынку, здароўе праз стрэс «пакідае жадаць лепшага». У адным з лістоў дзяўчына папрасіла маці паабяцаць ёй, што яна забярэ яе з калоніі.