The Times: Да вайны кіраўнікі Мінабароны Украіны і Вялікай Брытаніі абмяркоўвалі пастаўкі «віскі»
1- 15.07.2023, 21:42
- 15,078
У першыя дні вайны УСУ асабліва дапамаглі «віскі» «Glenfiddich».
Яшчэ да пачатку вайны, да таго, як з Кіевам была ўсталяваная бяспечная сувязь, міністры абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў і кіраўнік Мінабароны Брытаніі Бэн Уоллес, абмяркоўваючы пастаўкі зброі Кіеву, карысталіся кодавымі словамі. Пра гэта распавёў у інтэрв'ю брытанскаму выданню The Times Уоллес.
Між іншым, брытанскі міністр абароны называў сістэмы ўзбраенняў, якія Вялікая Брытанія пастаўляе ва Украіну, партыямі напояў.
«Я проста абраў віскі. Такім чынам, Nlaw былі Glenfiddich, а супрацькарабельныя ракеты Harpoon - Islay. Я пасылаў яму [Резнікаву] паведамленне: «У мяне ёсць для вас крыху віскі» або «віскі ўжо ў дарозе». Мы проста абралі кодавыя словы, ад міністра да міністра», - распавёў Уоллес.
Напярэдадні канфлікту брытанскі міністр паехаў у Маскву, каб сустрэцца з расейскім міністрам абароны Сяргеем Шайгу, які зманіў яму ў вочы, і запэўніваў, што ўварвання не будзе.
«Мы абмяняліся падарункамі, і я падарыў яму бутэльку Glenfiddich. Ён не ведаў, што гэта значыць. Такі жарт», – падзяліўся ўспамінам Уоллес.
Урэшце, менавіта Nlaw, пастаўкі якіх лабіравалі міністр абароны Бэн Уоллес і прэм'ер-міністр Барыс Джонсан, у першыя дні ўварвання дапамаглі Украіне спыніць расейскі наступ і сталі сімвалам смяротнай вайсковай дапамогі Вялікай Брытаніі Украіне.