Пуцін падклаў свінню Кім Чэн Ыну
16- 12.01.2024, 21:39
- 24,554
Ракетныя ўдары па Украіне раскрылі галоўны сакрэт КНДР.
Расейскія ўдары па Украіне з выкарыстаннем балістычных ракетаў Паўночнай Карэі могуць зняць заслону таямніцы з ракетнай праграмы КНДР, якая дзесяцігоддзямі з'яўлялася «белай плямай» для краінаў Захаду. Такое меркаванне выданню Newsweek выказаў навуковы супрацоўнік Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў Фабіян Хінц.
Эксперт адзначае, што да гэтага часу заходнім выведкам было значна менш вядома пра ракетныя праграмы КНДР, чым пра ракетныя праграмы Ірана. Цяпер жа, калі паўночнакарэйскія ракеты выкарыстоўваюцца ў рэальнай вайне, інфармацыі стане значна больш.
Па-першае, многае пра характарыстыкі гэтых ракетаў можна даведацца з самага факту іх ужывання – траекторыя і далёкасць палёту, іх дакладнасць, а таксама наколькі эфектыўныя супраць іх заходнія сістэмы СПА.
Па-другое, яшчэ больш можна даведацца, вывучаючы аскепкі ракетаў. Сярод іншага можна даведацца пра іх сістэму навядзення, паходжанне камплектавальнікаў і гэтак далей.
– Было б вельмі каштоўна мець магчымасць паглядзець на іх зблізку. Гэта дапаможа вызначыць, колькі замежных дэталяў атрымлівае Пхеньян для сваіх ракетаў, – тлумачыць Фабіян Хінц.
Ён таксама адзначыў, што вывучыўшы начынне карэйскіх ракетаў, заходнія збройнікі змогуць адпаведным чынам удасканаліць уласныя сістэмы СПА для барацьбы з імі.
Расея б'е па Украіне ракетамі з КНДР
На мінулым тыдні Белы дом паведаміў, што падчас новай кампаніі масаваных ракетных удараў па Украіне, якую Расея пачала 29 снежня, упершыню былі ўжытыя ракеты паўночна-карэйскай вытворчасці. Імі сярод іншага білі па Харкаве і Запарожжы.
Пазней у Харкаўскай пракуратуры прызналі, што аскепкі ракеты, якой агрэсар ударыў па горадзе 2 студзеня, сапраўды могуць належаць адной з паўночнакарэйскіх ракетаў.
11 студзеня генпракурор Украіны Андрэй Косцін пацвердзіў канчаткова, што Расея выкарыстоўвае для ўдараў па ўкраінскіх гарадах ракеты паўночнакарэйскай вытворчасці.