Новы генеральны сакратар NATO паабяцаў Украіне «сапраўдныя змены» на полі бою
10- 15.10.2024, 18:07
- 14,982
З яго слоў, Украіна зможа пераламаць дынаміку баёў.
Праца новага камандавання NATO ў нямецкім горадзе Вісбадэне дапаможа Украіне дамагчыся «сапраўдных перамен» на полі бою і гарантаваць бяспеку для краін альянсу. Аб гэтым заявіў генеральны сакратар альянсу Марк Рутэ, наведаўшы штаб камандавання.
«У гутарцы з вайскоўцамі містэр Рутэ адзначыў, наколькі важная іх праца па падрыхтоўцы 700 вайскоўцаў, якія будуць размешчаныя ў Вісбадэне і ў лагістычных вузлах на ўсходнім флангу Паўночнаатлантычнага альянсу», - паведамляе прэс-служба NATO.
Альянс павінен забяспечыць, каб Расея не дасягнула сваіх мэт, а Украіна дасягнула, падкрэсліў Рутэ. Ён скептычна паставіўся да асцярог, што Вісбадэн у сувязі з размяшчэннем украінскага штаба NATO стане ваеннай цэллю: «Я шмат гадоў таму перастаў спрабаваць зразумець, што думае Пуцін».