BBC раскрыла шакавальныя страты Расеі ў баях за Вуглядар
1- 5.10.2024, 14:07
- 12,796
Адных толькі марпехаў паклалі тысячамі.
У баях за горад Вуглядар Данецкай вобласці войска РФ страціла тысячы вайскоўцаў. Як паведамляе BBC, з улікам цяжкапараненых, загінулых і зніклых без вестак толькі 155-я і 40-я брыгады марской пяхоты маглі страціць пад Вуглядарам больш за 2100 чалавек.
Акцэнтуецца, што пры гэтым страты Расеі падчас зацяжных штурмаў Вуглядара не абмяжоўваюцца толькі вайскоўцамі гэтых брыгадаў. Так, баі за Вуглядар таксама нанеслі сур'ёзныя страты расейскаму мотастралковаму батальёну «Алга» – сама меней 27 вайскоўцаў загінулі, больш за 60 былі параненыя і больш за дзясятак уважаюцца за зніклых без вестак.
У публікацыі адзначаецца, што на аснове адкрытых звестак атрымалася пацвердзіць, што 155-я брыгада марской пяхоты страціла сама меней 211 марпехаў забітымі і 42 зніклымі без вестак, а 40-я брыгада «чорных берэтаў» страціла 72 салдатаў і афіцэраў забітымі. Пры гэтым вызначана, што сярод загінулых ёсць 19 афіцэраў, у тым ліку камандзір аднаго з батальёнаў Цырэн Лубсанаў.
«Вызначаны намі лік стратаў 155-й і 40-й брыгадаў уключае толькі тых вайскоўцаў, пра смерць якіх паведамлялася... і чыё месца службы мы змаглі пацвердзіць. Рэальная колькасць “чорных берэтаў”, якія загінулі пры штурме Вуглядара, можа быць прыкладна ў два разы вышэйшай – блізу 570 чалавек… З улікам зніклых без вестак, большасць з якіх, хутчэй за ўсё, загінула, рэальны лік загінулых у штурмах Вуглядара марпехаў можа вырасці да 700 чалавек», – гаворыцца ў публікацыі.
У выданні акцэнтавалі, што цяжкапараненых салдатаў 155-й і 40-й брыгадаў марской пяхоты дакладна вызначыць немагчыма, а таму з улікам усіх наяўных звестак колькасць тых, хто канчаткова выбыў са строю праз раненні ў 155-й і 40-й брыгадах, можа складаць прыкладна 1400 чалавек, а агульная колькасць стратаў «чорных берэтаў» пад Вуглядарам – да 2100 чалавек, і гэта да 40% штатнага складу падраздзяленняў.