Навукоўцы даказалі, што сабакі ведаюць назвы прадметаў
7- 22.03.2024, 20:59
- 4,980
Падрабязнасці.
Сабакі не толькі здольныя разумець сказаныя ім каманды, але і разумеюць значэнне асобных словаў, якія абазначаюць прадметы. Да такой высновы падчас эксперыментаў прыйшлі навукоўцы, якія апублікавалі артыкул у часопісе Current Biology.
Сярод прыручаных жывёлаў сабакі займаюць асаблівае месца ў плане іх сацыяльна-камунікацыйных навыкаў пры зносінах з людзьмі. Таму іхнія кагнітыўныя здольнасці звяртаюць увагу навукоўцаў.
Даследнікі з Будапешцкага ўніверсітэта (Вугоршчына) правялі эксперымент, каб даведацца, ці здольныя сабакі разумець не толькі каманды, але і назвы асобных прадметаў. У даследаванні ўдзельнічалі 18 сабак, у якіх з дапамогай датчыкаў здымалася энцэфалаграма мозгу.
Іх гаспадары называлі назвы вядомых сабакам цацак, а потым паказвалі ім або названыя прадметы, або іншыя, напрыклад – «Зара, глядзі – мячык». Аналіз звестак паказаў, што актыўнасць мозгу ў тых выпадках, калі названае слова супадала з прадметам, адрознівалася ад выпадкаў, калі сабаку «падманвалі».
Такую самую розніцу ў энцэфалаграме навукоўцы назіраюць пры падобных эксперыментах з людзьмі і ўважаюць гэта за сведчанне разумення словаў. Розніца ў сігналах была тым большая, чым больш знаёмае названае слова сабаку.
На думку аўтараў, тое, што сабакі, падобна да людзей, здольныя разумець значэнне асобных словаў, якія абазначаюць прадметы, можа змяніць уяўленне навукоўцаў пра ўнікальнасць людзей. Гэта таксама мае важныя наступствы для тэорый і мадэляў эвалюцыі мовы. «Сабакі не толькі вучацца асаблівым паводзінам у адказ на пэўныя каманды, але могуць разумець значэнне некаторых асобных словаў, як і людзі», – мяркуе суаўтарка працы Лілія Маг’яры.