8 лiпеня 2024, панядзелак, 9:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўнік МУС Польшчы пракаментаваў узмацненне кантролю на тэрмінале ў Малашэвічах

4
Кіраўнік МУС Польшчы пракаментаваў узмацненне кантролю на тэрмінале ў Малашэвічах
ТОМАШ СЯМОНЕК

Гэта быў сігнал рэжыму Лукашэнкі.

У пачатку ліпеня Польшча 33 гадзіны блакавала чыгуначныя злучэнні на тэрмінале мытнага афармлення ў Малашэвічах на мяжы з Беларуссю. Афіцыйна мытныя службы паведамілі, што праводзіліся руцінныя кантрольныя мерапрыемствы для абароны мытнай тэрыторыі ЕЗ ад паступлення небяспечных тавараў ці рэчываў.

Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Сямонек пракаментаваў інфармацыю аб узмацненні кантролю на тэрмінале ў Малашэвічах. Ён звязаў гэта з міграцыйным крызісам і адсутнасцю супрацоўніцтва з беларускага боку ў справе аб смерці польскага жаўнера Матэвуша Сітэка на мяжы.

«Ужываем працэдуры, працэдуры ў інтарэсах нашай дзяржавы, таксама паказваючы пазіцыю ў розных пытаннях», - сказаў ён у эфіры праграмы «Сігналы дня» польскага радыё.

Міністр падкрэсліў, што выкананне прадпісанняў не можа быць звязанае з нейкімі абвінавачаннямі. Разам з тым ён зазначыў, што Беларусь павінна рабіць высновы.

«Беларусь, якая павінна быць зацікаўленая ў паляпшэнні стасункаў з Польшчай, павінна рабіць высновы з розных сітуацый. Сапраўды, тое, што Анджэй Пачобут знаходзіцца ў зняволенні, тое, што Беларусь не хоча нам выдаць забойцу польскага жаўнера — гэта рэчы па-за дыскусіяй аб стасунках паміж дзвюма краінамі.

Гэта проста павінна быць зробленае. Як могуць улады Беларусі неяк ставіцца да стасункаў з Польшчай, калі фактычна абараняюць забойцу польскага жаўнера? Гэта рэчы, якія паказваюць, што мы таксама мусім шукаць розныя сродкі рэагавання. Тут мы гаворым аб выкананні прадпісанняў, і нашы службы, у гэтым выпадку падатковыя, мытныя службы проста выконваюць прадпісанні», - працягнуў міністр.

Сямонек таксама запэўніў, што польскія службы не супакояцца, пакуль не знойдуць забойцу Матэвуша Сітэка. Ён адмовіўся паведамляць новыя падрабязнасці расследавання.

«Мы не супакоімся, пакуль не знойдзем і не асудзім забойцу, які напаў на нашага жаўнера на мяжы. Амаль 10 гадоў мы пераследуем усіх удзельнікаў нападу на польскіх жаўнераў 21 снежня 2011 года, калі ў Афганістане былі забітыя 5 польскіх жаўнераў, таму тут - будуць змяняцца ўрады - гэта заўсёды будзе прыярытэтам. Не разумею нагоды, чаму Беларусь не супрацоўнічае ў гэтай сітуацыі. Гаворым аб сітуацыі абсалютна яснай. Не гаворым пра палітычнага бежанца. Гаворым проста пра забойцу, які атакаваў нажом нашага жаўнера, які нічога яму не рабіў, толькі закрываў шчытом дзірку ў сцяне. Чаму Беларусь выгароджвае такіх людзей і бярэ гэта на свой рахунак, не супрацоўнічае з Польшчай?» - сказаў ён.

Міністр дадаў, што польскі бок шукае розныя спосабы паўплываць на афіцыйны Менск.

«Робім усё, у тым ліку размаўляючы з іншымі дзяржавамі, якія могуць уплываць на дзеянні Беларусі, каб дайшло да ўсведамлення Лукашэнкі, што з Польшчы дастаткова, дастаткова гэтага, і больш мы не дазволім такіх дзеянняў. Не маем ніякіх сумневаў, што Беларусь рэгулюе рух, калі гаворка ідзе пра мяжу. Лукашэнка адной пастановай мог бы гэта спыніць, закрыць, замест гэтага дазваляе, яго службы актыўна ўдзельнічаюць у гэтым працэсе. Мы таксама будзем шукаць розныя спосабы рэагавання», - сказаў Сямонек.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках