У Менску на Багдановіча сутыкнуліся тры легкавушкі
- 1.08.2024, 21:38
- 5,888

Відэа аварыі.
Каля завода «Аліварыя» на вуліцы Багдановіча відавочца сфатаграфаваў наступствы аварыі. Паводле ягоных словаў, удзельнікамі ДТЗ сталі тры аўтамабілі. Гэтую інфармацыю пацвердзілі і ў сталічнай ДАІ. Акрамя таго, у рэдакцыю напісалі двое кіроўцаў, якія сцвярджаюць, што яны якраз і патрапілі ў гэтую аварыю.
«У аўтамабіля з каршэрынгу пашкоджаная правая задняя частка кузава, – паведаміў нам чытач. – У Chevrolet пашкоджаны пярэдні бампер злева, напалову вісіць. Што да Geely, то ў яго быццам бы толькі шыну спусціла».
«Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі былі на месцы а 10-й», – расказаў нам адзін з кіроўцаў і прыклаў відэа.
«Паводле папярэдняй інфармацыі, 37-гадовы кіроўца Chevrolet пры перастраенні не пераканаўся ў бяспецы манеўру і сутыкнуўся з спадарожным Volkswagen, – падзяліліся інспектары. – Той, у сваю чаргу, праз інэрцыю рэзнуўся ў Geely».
У ДАІ адзначылі, што ў аварыі ніхто не пацярпеў.
«Насамрэч гэта кіроўца Chevrolet крануў спачатку Geely, а пасля і маё аўто, – адзначыла Аляксандра, якая кажа, што ехала за стырном каршэрынгавага Volkswagen. – Я ні ў кога не заязджала. Справа была так: Chevrolet ехаў за мной па левым шэрагу. Мы ўсе спыніліся перад святлафорам. Правы шэраг быў вольны, кіроўца Chevrolet пастанавіў туды перабудавацца і не заўважыў Geely, які якраз разганяўся па пустой паласе. Chevrolet закрануў крыло Geely, а потым і мой аўтамабіль. Ад удару Volkswagen разгарнула і вынесла на ходнікі. Да гэтага моманту ўсе перада мной ужо з'ехалі на зялёнае святло, таму я нікога не зачапіла».
Сяргей, яшчэ адзін удзельнік ДТЗ, даслаў нам відэа, на якім паказаны момант сутыкнення Chevrolet з ягоным аўтамабілем – Geely Atlas Pro.