«Ужо няма сіл глядзець на гэтыя цэны»
7- 8.10.2025, 10:09
- 5,748
Беларусаў не задавальняюць цэны на білеты ў Літву.
У адным з памежных чатаў разгарэлася спрэчка з-за цэн на аўтобусныя білеты з Беларусі ў Літву. Некаторыя звярнулі ўвагу, што яны выраслі з пачатку лета, хоць перавозчыкі абяцалі іх не павышаць. Ім адказалі тыя, хто лічыць, што з цэнамі ўсё ў парадку. Не падабаецца — сядзі дома. Таксама людзі заклікаюць звяртацца ў МАРТ, каб ведамства звярнула ўвагу на праблему. Але высветлілася, што яно бяссільнае. BGmedia распавядае пра гэтую праблему.
Чаму беларусаў не задавальняюць цэны на білеты ў Літву
Спрэчка паміж беларусамі разгарэлася пасля публікацыі справаздачы пра паездку з Гродна ў Вільнюс. Беларус папрасіў зрабіць цэны на білеты чалавечымі. Ён адзначыў, што дабрацца з Гродна ў Вільнюс на аўтобусе, калі купляць білет загадзя, каштуе 230 рублёў.
Журналісты BGmedia паглядзелі цэны на аўтобусы з Гродна ў Вільнюс на сераду, 29 кастрычніка, на сайтах перавозчыкаў і агрэгатараў па продажы білетаў.
Самы танны білет сапраўды каштуе 230 рублёў. Ёсць білеты па 256 рублёў, а самы дарагі каштуе 316 рублёў. На 9 кастрычніка білеты за 230 рублёў можна знайсці толькі на «Атласе». У іншых агрэгатараў і перавозчыкаў цэны стартуюць з 256 рублёў.
Беларусы звярнулі ўвагу, што некаторыя перавозчыкі абяцалі не павышаць цэны, але абяцанні не стрымалі:
«Калі ездзiш праз Літву на пастаяннай аснове, то ў тваім інфаполі шмат навін на гэты конт. І ў адной з іх бос транспартнай кампаніі ў пачатку лета 2025 года распавядаў, што няма ніякіх падстаў для павышэння кошту. Аднак, калі на мяжы РБ — РП была чарга ў 100+ аўтобусаў, цана вырасла на 20 рублёў. Калі закрылі мяжу [Польшчы і Беларусі] — на 10 рублёў. Але настане момант, калі Гродна перастане быць ізаляваным ад мяжы, тады мы ўбачым, як гэтыя спрытныя дзелкі будуць вазіць нас за 150 рублёў, а калі ў абодва бакі білецік купіць, дык можна і за 200».
«Я купляў білет у пачатку чэрвеня за 180 рублёў, а ў сярэдзіне верасня — за 230 рублёў. Відаць, у гэты перыяд усе перавозчыкі адразу адкрылі ІП, атрымалі дазвол і г.д.? Парадуйце нас разумнай думкай на гэты конт».
«Калі дзяржава абмяжоўвае рэйсы, то гэта ўжо не капіталізм і свабодны рынак. Тады яно павінна патрабаваць ад перавозчыкаў, якім дае дазволы, пэўныя ўмовы, у тым ліку і цэны. А перасячэнне мяжы для аўтобуса не павялічвае сабекошт настолькі, каб білеты даражэлі ўдвая. Я да Вільнюса, па Літве, еду за 15 еўра, а потым такую ж адлегласць па Беларусі — за 65 еўра. Пры тым, што паліва там удвая танней».
«Я лічу цану неабгрунтаванай, як, дарэчы, вельмі многія. Тое, што людзі не маюць магчымасці хутка перасячы мяжу, не значыць, што яны павінны мірыцца з цэнавым самаволам. На жаль, з розных прычын многія не могуць адмовіцца ад паездак праз Літву. Але ўпэўнены: пры першай жа магчымасці 80% падарожнікаў пяройдуць на іншыя маршруты».
«Гэта такая лагіка, напэўна, і ў перавозчыкаў. Тыпу, а куды яны дзенуцца, будуць плаціць, колькі скажам. Пешшу — закрыта, на веласіпедах — закрыта, чаргі, можна падымаць цэны. І тое, што Літва дазваляе гэтае бязмежжа, наводзіць на думкі, што перавозчыкі могуць заносіць каму трэба са сваіх, мяркую, мільённых прыбыткаў».
Аргументы тых, каго задавальняе цяперашняя сітуацыя з білетамі ў Вільнюс, былі розныя. Хтосьці лічыць, што 200 або 230 рублёў — гэта нядорага:
«А чым вам цана ў 200 рублёў не падабаецца? Нармальная цана. У адрозненне ад усякіх «Ecolines», яны не павышалі цэны падчас закрыцця Польшчы. Ці вы хочаце ездзіць бясплатна? Калі і гэта вам дорага, дык навошта вам Еўропа?»
«Ну, 230 (крыху больш, чым 200), якая розніца? Каму гэта дорага, хай сядзіць дома. Вось і ўсё».
Некаторыя нагадалі пра капіталізм. Маўляў, «рынак усё вырашыць»:
«Улічвайце праходжанне мяжы і тое, што рэйсы літоўцы скароцілі. Вось і цана адсюль. Ці фірмы павінны працаваць у страту? Капіталізм усе хацелі? Вось і атрымалі. Чаго цяпер плачаце, што дорага?»
«Цэны дыктуе рынак, не хочаце плаціць 65 еўра — шукайце кагосьці іншага танней. Але яго няма. Вось і ўсё. Капіталізм у чыстым выглядзе».
«Калі вас нешта не задавальняе, ездзiце на сваім аўто. І адразу палічыце, у колькі вам гэты камфорт абыдзецца! Ну і час перасячэння мяжы памножце на пяць».
Некаторыя беларусы лічаць, што ў павышэнні цэн на аўтобусныя білеты вінаватая Літва, якая скараціла колькасць аўтобусных рэйсаў Вільнюс — Мінск:
«Дазволы выдае Літва, наўрад ці яна будзе супрацоўнічаць і займацца праблемамі, якія, хутчэй за ўсё, сама і стварыла».
«Вывучце пытанне, колькі было перавозчыкаў у чэрвені і колькі стала потым, як літоўцы абрэзалі і пачалі правяраць дазволы і квоты. Плюс да ўсяго дадайце сюды яшчэ попыт з-за тых, каго літоўцы выкінулі за борт. Стала мала перавозчыкаў, павысіўся попыт, вось і цана пайшла ўверх трохі.
Далей спрачацца і тлумачыць, чаму такія цэны, не бачу сэнсу, раю перасесці на свой легкавы аўтамабіль і ездзіць. Або ж адкрыць ІП і вазіць людзей за капейкі, а вашы скаргі лепш накіроўвайце ў Вільнюс, каб дазволілі, як раней, турыстычным аўтобусам ехаць без дазволу, а таксама дадалі квоты на колькасць праездаў тым, хто ездзіць цяпер. І будзе шчасце вам, як раней, усе пытанні накіроўвайце ў Вільнюс.
І так, раскрыю сакрэт, ходзяць чуткі, што пасля Новага года літоўцы яшчэ ў 2,5 раза знізяць колькасць дазволаў і квот, так што ў Новы год — з новымі цэнамі.
З беларускіх перавозчыкаў, хто раней ездзіў або яшчэ цяпер ездзіць у Літву, ужо практычна 95% не хочуць туды ездзіць і, хутчэй за ўсё, не будуць. Тыя, хто цяпер яшчэ ездзіць, адкатаюць дазволы і квоты, потым перайдуць на Польшчу, як і ўсе».
Беларусы прапануюць скардзіцца ў МАРТ, але ведамства не дапаможа
Падчас абмеркавання цэн на білеты некаторыя беларусы прапаноўвалі звяртацца ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРТ). На іх думку, калі зваротаў будуць дзесяткі, то ведамства зверне ўвагу на гэтую праблему:
«Гэтае пытанне ўзнімаецца не ўпершыню. У РБ ёсць такое ведамства МАРТ, у іх ёсць тэлефон, калі зваротаў будзе хаця б больш за 10, ёсць верагоднасць, што на гэта будзе звернута ўвага. Усё ў нашых руках».
«Магчыма, калі праблема будзе ўзнімацца не толькі ў гэтым чаце, калі ўжо няма сіл глядзець на гэтыя цэны, дык і вынік не прымусіць сябе чакаць».
Ім адказалі, што звяртацца ў МАРТ няма сэнсу:
«Ужо ў нейкім з чатаў кідалі адказ МАРТ. Маўляў, цэны на міжнародныя маршруты — не іх справа і займацца імі яны не будуць».
І гэта сапраўды так. 23 верасня ў МАРТ адбылася сустрэча з прадстаўнікамі перавозчыкаў «Мінсктранс» і «Байертранс». Падстава — публікацыі ў інтэрнэце пра рост цэн на білеты па маршруце Мінск — Вільнюс і закрыццё мяжы з Польшчай.
Перавозчыкі падчас сустрэчы з чыноўнікамі запэўнівалі, што ў сувязі з закрыццём мяжы Польшчы з Беларуссю «тарыфы па маршруце Мінск — Вільнюс не павялічваліся».
У МАРТ адказалі, што «паслугі па перавозцы пасажыраў у рэгулярным міжнародным паведамленні не падлягаюць дзяржаўнаму цэнаваму рэгуляванню».