Лукашэнка пакрыўдзіўся на словы Зяленскага
27- 30.09.2025, 12:40
- 28,368
Прэзідэнт Украіны назваў беларускага дыктатара «пажылым чалавекам».
Лукашэнку зачапілі словы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, які раней у рэзкай форме пракаментаваў заявы беларускага кіраўніка, зробленыя ім пасля перамоў з Пуціным.
«Вы генералы ў эканоміках сваіх краін. Я чалавек ужо… Як нядаўна сказаў тут мой калега, якога сваім сынам лічыў, Валодзя Зяленскі, «старыкі» мы тут з Пуціным, дзесьці там «шэпчамся па кутах» на шкоду іншым. Поўная лухта», — звярнуўся Лукашэнка да ўдзельнікаў пасяджэнняў Еўразійскага міжурадавага савета і Савета кіраўнікоў урадаў СНД.
Нагадаем, прэзідэнта Украіны на Варшаўскім форуме па бяспецы папрасілі пракаментаваць нядаўнюю заяву Аляксандра Лукашэнкі пра «добрую прапанову» па спыненні вайны:
— Мне цяпер складана рэагаваць на заявы Лукашэнкі. Ён, шчыра кажучы, жыве ў сваім свеце. Ён яго пабудаваў, ізаляваўся і жыве тры дзесяцігоддзі ў гэтым доме. Але гэта дом памерам з краіну, — сказаў Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны дадаў, што хацеў бы нагадаць Лукашэнку пра суверэнітэт Беларусі.
— Я б хацеў, каб ён памятаў, што яго краіна — незалежная. Ён жыве ў сваім свеце, але часам Пуцін прыязджае ў госці ў гэты свет. І яны там, два даволі пажылыя людзі, пра нешта размаўляюць. Таму мне складана каментаваць тое, пра што яны гавораць, — заключыў Уладзімір Зяленскі пад смех і апладысменты ў зале.