У Расіі поўнасцю скончыліся сучасныя танкі на складах
12- 24.01.2026, 22:56
- 21,350
OSINT-аналітык даведаўся шакавальную інфармацыю.
Расія поўнасцю вычарпала складскія запасы танкаў больш-менш сучасных версій. На складах засталіся альбо непрыдатныя да аднаўлення машыны, альбо ўжо зусім састарэлыя мадэлі. Пра гэта распавёў аналітык адкрытых даных (OSINT) Covert Cabal, які спецыялізуецца на вывучэнні расійскіх баз захоўвання вайсковай тэхнікі па спадарожнікавых здымках.
Ён адзначае, што да поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну танкі Т-62 (серыяна выпускаліся ў 1962–75 гг.) складалі толькі невялікую долю ад агульнай колькасці тэхнікі на захоўванні ў Расіі. Аснову ж расійскіх запасаў танкаў складалі больш сучасныя мадэлі Т-72 позніх мадыфікацый і Т-80.
Аднак за час вайны практычна ўсе прыдатныя да рамонту сучасныя танкі ўжо былі знятыя з захоўвання. Таму зараз Т-62 ператварыліся ў апошнюю вялікую нявыкарыстаную крыніцу танкаў для агрэсара.

Паводле падлікаў Covert Cabal, на пачатак гэтага года на расійскіх базах захоўвання яшчэ застаюцца:
112 адзінак Т-55 (вельмі старыя машыны);
784 адзінкі Т-62;
449 адзінак Т-64 (РФ не мае абсталявання і досведу для іх рамонту, бо яны выпускаліся ў Харкаве);
452 адзінкі Т-72 і Т-72А (вельмі раннія версіі, якія тэхнічна не значна лепшыя за Т-62);
188 адзінак Т-72Б;
141 адзінка Т-80.
На думку аналітыка, тыя Т-80 і Т-72Б, што яшчэ застаюцца на складах, верагодна, знаходзяцца ў надзвычай дрэнным стане і фактычна непрыдатныя для аднаўлення.

Такім чынам, акрамя невялікай колькасці новых танкаў, якія Расія вырабляе цалкам з нуля, для папаўнення дзеючай арміі агрэсару даводзіцца разлічваць выключна на маральна састарэлыя Т-62, якіх дагэтуль амаль не чапалі.
«Т-62 быў выдатным танкам прыблізна 50 гадоў таму. Але паводле сучасных стандартаў яго браня слабая, бо ён створаны яшчэ да ўкаранення кампазітнай брані як нормы. Яго агнявая моц недастатковая з-за меншай гарматы, ён мае слабую рухомасць і ненадзейную сілавую ўстаноўку, надзвычай састарэлую сістэму кіравання агнём і электроніку, і гэта толькі частка праблем», — адзначае Covert Cabal.
На яго думку, сама тэхнічная канцэпцыя Т-62, яго базавая канструкцыя і корпус робяць яго непрыдатным для сучаснага поля бою.
«Гэтыя Т-62 — апошні вялікі запас танкаў аднаго тыпу, які яшчэ застаўся. Усе больш новыя танкі ўжо выкарыстаныя. Т-90 — нуль. Т-80 — толькі 8% ад таго, што было, то-бок мінус 1 500 танкаў. Т-72 ўсіх тыпаў — змяншэнне больш чым на 2 000, і большасць з тых, што засталіся, знаходзяцца ў надзвычай сумнеўным стане. З улікам усяго сказанага, Расія больш не з’яўляецца «краінай танкаў», — рэзюмуе аналітык.