ЗСУ сарвалі планы Крэмля: лінія фронту змяняецца
- 1.10.2026, 10:01
Сілы абароны Украіны нанеслі некалькі паспяховых контрудараў.
Украінскія войскі прасунуліся на поўнач ад Корчакоўкі ў Сумскай вобласці, тады як падраздзяленні краіны-агрэсара Расіі за двое сутак баёў не змаглі дасягнуць пацверджаных поспехаў ні на адным з ключавых кірункаў.
Прасоўванне Сіл абароны пацвярджаюць геалакалізаваныя кадры, апублікаваныя 29 верасня. Пра гэта паведаміў амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
«Украінскія сілы нядаўна прасунуліся на поўнач ад горада Сумы», — гаворыцца ў справаздачы аналітыкаў.
Дзе Сілы абароны контратакоўвалі армію РФ
На працягу 29–30 верасня акупацыйныя войскі працягвалі наступальныя дзеянні на поўначы Харкаўскай вобласці, аднак аналітыкі не зафіксавалі змяненняў лініі судакранання на гэтым участку. Украінскія падраздзяленні там пераходзілі ў контратакі.
Падобная карціна склалася і ў Купянскім раёне, дзе праціўнік цягам дзвюх сутак спрабаваў прарваць абарону. Ніякага прасоўвання расіяне не дасягнулі, затое украінскія сілы самі атакоўвалі варожыя пазіцыі.
Асноўныя намаганні расійскага камандавання ў Данецкай вобласці былі сканцэнтраваныя вакол двух гарадоў-укрэпраёнаў. Акупанты атакоўвалі на паўночны ўсход ад Славянска паблізу Піскунаўкі і на ўсход ад горада — у кірунку Мікалаеўкі, аднак прасунуцца не змаглі.
Пра актыўнасць украінскіх войскаў паведаміў і расійскі ваенны блогер: паводле яго слоў, Сілы абароны контратакоўвалі паблізу Каленікі на ўсход ад Мікалаеўкі і Васюцінскага на ўсход ад Краматорска.
Украінскія падраздзяленні таксама праводзілі контратакі на поўнач і паўночны захад ад Канстанцінаўкі.