У Германіі канферэнцыя міністраў змяняе правілы галасавання з-за магчымага ўдзелу «АдГ»
1- 1.10.2026, 10:18
Адныне сумесныя рашэнні можна прымаць нават нягледзячы на супраціў асобных земляў.
Канферэнцыя міністраў унутраных спраў федэральных земляў Германіі змяняе правілы галасавання: адныне сумесныя рашэнні можна прымаць нават нягледзячы на супраціў асобных земляў.
Пра гэта паведамляе Die Welt.
Прычынай адмовы ад прынцыпу аднагалоснасці сталі асцярогі адносна магчымальнага прызначэння міністра ад ультраправой партыі «Альтэрнатыва для Германіі» ў Саксоніі-Ангальт, які можа заблакаваць пэўныя ініцыятывы.
Надалей для прыняцця рашэнняў на канферэнцыі міністраў унутраных спраў будзе дастаткова большасці ў 13 з 16 галасоў земляў.
Да гэтага часу на пасяджэннях міністраў земляў дзейнічаў непісаны прынцып аднагалоснасці. Рашэнне прымалася толькі тады, калі ніводная зямля актыўна не пярэчыла, пры гэтым дапускаліся ўстрыманні ад галасавання. Гэтае правіла грунтавалася не на замацаваным рэгламенце, а на практыцы, якая складвалася дзесяцігоддзямі. Гэты прынцып закліканы стымуляваць бакі ісці насустрач адзін аднаму ў спрэчных пытаннях і знаходзіць кампрамісы.
Таксама існуе магчымасць зафіксаваць агаворку ў выглядзе заявы ў пратаколе замест таго, каб афіцыйна галасаваць «супраць», — гэта свайго роду засцерагальны механізм, які на практыцы палягчае дасягненне аднагалоснасці.
Пастаянная канферэнцыя міністраў і сенатараў па ўнутраных справах земляў была заснаваная ў 1954 годзе з мэтай каардынацыі супрацоўніцтва земляў на палітычным узроўні. Федэральны міністр унутраных спраў удзельнічае ў пасяджэннях як пастаянны госць без права голасу. Звычайна канферэнцыя збіраецца двойчы на год — вясной і восенню. Акрамя таго, магчымыя спецыяльныя пасяджэнні, а таксама прыняцце рашэнняў у пісьмовай форме.